У Расіі заявілі пра немагчымасць скласці дзяржаўны бюджэт без новага павышэння падаткаў
Міністэрства фінансаў Расіі заявіла, што без павышэння падаткаў збалансаваць дзяржаўны бюджэт больш немагчыма: усе фінансавыя рэзервы, якія дазвалялі закрываць дэфіцыт, вычарпаныя. Пра гэта паведаміў намеснік міністра фінансаў Уладзімір Колычаў, піша The Moscow Times.
Здымак ілюстрацыйны з сацыяльных сетак
Уладзімір Колычаў адзначыў, што за апошнія шэсць гадоў выдаткі расійскага бюджэту выраслі з 16,6% да 19,7% ВУП, у тым ліку з-за рэкорднага з савецкіх часоў фінансавання выдаткаў «на абарону» — каля 30% бюджэту. У той жа час даходы адносна памеру эканомікі скараціліся з 18,4% да 17,1% ВУП. Асноўнае падзенне прыйшлося на нафтагазавыя паступленні.
Па словах чыноўніка, дзяржава ўжо выкарыстала ўсе магчымыя крыніцы: нафтагазавыя даходы, сродкі Фонду нацыянальнага дабрабыту, свабодныя рэшткі, рост дзяржаўных запазычанняў і меры па павелічэнні даходаў без змянення асноўнай падатковай палітыкі. Але ў 2025 годзе гэтыя рэсурсы практычна скончыліся.
Таму ўрад прыняў доўгатэрміновыя рашэнні аб змяненні падатковых умоў. З новага года стаўка ПДВ у Расіі павышаецца да 22%, што павінна даць бюджэту яшчэ 1,2 трыльёна рублёў (каля 15,22 мільярда даляраў). Таксама істотна ўскладняецца праца малога бізнэсу — парог спрошчанай сістэмы зніжаецца да 20 мільёнаў рублёў, а потым і да 10 мільёнаў. Акрамя таго, істотна павялічваюцца штрафы і пошліны, а таксама ўводзіцца «тэхналагічны збор» — падатак на смартфоны, ноўтбукі і іншую тэхніку, які павінен прынесці каля 200 мільярдаў рублёў (каля 2,6 мільярда даляраў) за тры гады.
У 2025 годзе расійскі ўрад ужо павышаў падатак на прыбытак, утыльзбор і падатак на даходы фізічных асоб, плануючы сабраць 3,6 трыльёна рублёў (каля 35,65 мільярда даляраў) і знізіць дэфіцыт да 1,2 трыльёна. Але фактычна, паводле разлікаў Мінфіна, «дзірка» ў бюджэце да канца года дасягне 5,7 трлн рублёў (71,82 мільярда даляраў). Нафтагазавыя даходы скараціліся на 20%, а збор асноўных падаткаў аказаўся ніжэйшы за план: ПДВ — на 1,3 трыльёна рублёў (каля 16,56 мільярда даляраў), пошліны і акцызы — на 328 мільярдаў (каля 4,18 мільярда даляраў), падатак на прыбытак — на 160 мільярдаў (каля 1,98 мільярда), падатак на даходы фізічных асобаў — на 36 мільярдаў (каля 445 мільёнаў), утыльзбор — на 888 мільярдаў (каля 10,98 мільярдаў).
Эканамісты папярэджваюць пра рызыку «падатковай спіралі», калі павышэнне падаткаў прыводзіць не да росту збораў, а да падзення эканомікі і звужэння падатковай базы, што прымушае ўлады зноў павышаць падаткі. Гэтая сітуацыя можа паўтарыцца і ў наступным годзе, кажа эканамістка Соф’я Данец: эканоміка ўжо слабая, а новыя падаткі могуць яшчэ больш пагоршыць яе стан.
Чытайце таксама:
«Газпрам» па-ранейшаму працуе са стратамі
Уладальніка расійскіх брэндаў «Кірыешкі» і «Яшкіна» прызналі экстрэмістам і канфіскавалі ўсе актывы