Кіраўнік арганізацыі літоўскіх перавозчыкаў асабіста з'ездзіў у Беларусь, каб абмеркаваць сітуацыю з фурамі
Прэзідэнт нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў Літвы Linava Эрландас Мікенас разам з прадстаўнікамі некалькіх перавозчыцкіх кампаній на мінулых выхадных наведаў Беларусь. Па яго словах, візіт быў рызыкоўны, але дазволіў ацаніць рэальную сітуацыю на месцы, піша Delfi.lt.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
У Беларусь паехалі кіраўнікі трох літоўскіх кампаній, чый транспарт застаўся ў краіне: Кшыштаф Сонгін (кампанія Sontransa), Ігнас Мацеюнас (Koldlita) і Віталюс Гігявічус (Kelruva).
Літоўцы сустрэліся з прадстаўнікамі Беларускай асацыяцыі міжнародных аўтаперавозчыкаў (БАМАП), абмяркоўвалі з імі сітуацыю, але рэальнага прагрэсу, як сцвярджаецца, сустрэча не дала. Беларускі бок прапанаваў толькі магчымую сустрэчу віцэ-міністраў і магчымасць абмеркаваць пераразлік аплаты за стаянкі, калі будзе палітычны дыялог.
Дарадца прэм’ер-міністра Літвы Ігнас Добравольскас адзначыў, што паездкі ў Беларусь рызыкоўныя і іх трэба пазбягаць. Ён нагадаў, што Беларусь утрымлівае літоўскія грузавікі ў закладніках і можа прымяняць супраць Літвы тэрарыстычныя метады.
Дэлегацыя з Літвы заязджала ў Беларусь праз Медніцкі КПП. На літоўскім баку назіраюцца доўгія чэргі: грузавікі стаяць па 36 гадзін, кіроўцы стомленыя. Затое ў Беларусі — пустая мытня, транспарту няма, мытнікі толькі назіраюць і здымаюць відэа.
На стаянцы ў Катлоўцы знаходзіцца каля 400 літоўскіх грузавікоў. Па словах Мікенаса, хоць умовы на месцы добрыя (душы, гандлёвыя месцы, дзяжурныя службы), сэнс застаецца той самы — літоўскі транспарт вымушаны стаяць на тэрыторыі Беларусі, а кампаніі рызыкуюць страціць маёмасць, бо па беларускім заканадаўстве транспарт, што стаіць больш за 4 месяцы, канфіскуюць.
БАМАП паведаміла літоўскай дэлегацыі, што ў Беларусі знаходзіцца 1880 літоўскіх грузавікоў і 2500—3000 паўпрычэпаў.
Мікенас падкрэсліў, што сярод перавозчыкаў узмацняецца напружанне і растуць пратэсныя настроі. Ён заклікае арганізаваць мірную акцыю, каб прыцягнуць увагу ўрада і грамадства і накіраваць энергію ў канструктыўнае рэчышча.
Ён адзначыў, што гаворка ідзе пра рэальны транспарт малога бізнэсу, крыніцу даходаў сем’яў і рэальную рызыку страты маёмасці, таму неабходна як мага хутчэй знайсці эфектыўнае вырашэнне сітуацыі.
Чытайце таксама:
У Літве дамовіліся пра спрошчаны парадак вяртання з Беларусі затрыманых паўпрычэпаў
МЗС Літвы: Мэта Мінска — выйсці з ізаляцыі
Лукашэнка патрабуе ад Літвы палітычных перамоў на ўзроўні МЗС. Фуры застаюцца ў закладніках