БЕЛ Ł РУС

У Тайландзе скасавалі абмежаванне на продаж алкаголю з больш чым 50‑гадовай гісторыяй

4.12.2025 / 16:55

Nashaniva.com

У Тайландзе дазволілі прадаваць алкаголь у дзённы час. Пасля публікацыі адпаведнай пастановы ў мясцовай «Каралеўскай газеце» забарона, якая дзейнічала з пачатку 1970-х, страціла моц.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Цяпер у краіне дазволена прадаваць спіртное з 14:00 да 17:00. Гэта зроблена ў тэставым рэжыме на паўгода: пасля ўлады дадуць ацэнку эканамічных і сацыяльных наступстваў і вызначаць, ці працягваць паслабленне. Пры гэтым забарона на продаж алкаголю з паўночы да 11:00 застаецца.

Для бараў і рэстаранаў зробленае выключэнне — іх наведвальнікі змогуць ужываць алкаголь яшчэ гадзіну пасля завяршэння продажу, да 01:00. Абмежаванні таксама не дзейнічаюць у міжнародных аэрапортах для пасажыраў на вылет і прылёт, а таксама ў ліцэнзаваных забаўляльных установах і частцы гатэляў.

Абмежаванні на продаж алкаголю ў Тайландзе існавалі з 1972 года, калі іх увялі, каб прадухіліць ужыванне спіртнога на працы ў працоўны час. Пытанне адносна адмены гэтых правілаў паднялі прадстаўнікі рэстараннага бізнесу, якія ў 2024 годзе звярнуліся да тагачаснага прэм’ер-міністра Сетхі Тхавісіна, скардзячыся на рост выдаткаў і цэнаў на прадукты.

Улады чакаюць, што змякчэнне гэтых правілаў падтрымае эканоміку і зробіць краіну яшчэ больш прывабнай для турыстаў.

Чытайце таксама:

Краіны Паўднёва-Усходняй Азіі моцна церпяць ад разбуральных паводак

У Тайландзе жанчыну прывезлі на крэмацыю, а яна ўзяла і ажыла

У Тайландзе знік беларускі мастак

Беларуску з рэдкай групай крыві, што трапіла ў ДТЗ у Тайландзе, выратавала жыхарка Крыма

Каментары да артыкула