БЕЛ Ł РУС

У Кітаі жанчына харчавалася сырымі жабамі і падарвала сабе здароўе

4.12.2025 / 19:33

Nashaniva.com

У Шанхаі ў 32‑гадовай жанчыны выявілі рэдкі выпадак заражэння лёгкіх паразітамі — першы ў гэтым вялізным горадзе. Хвароба была выкліканая лічынкамі стужачнага чарвяка Spirometra mansoni, якія звычайна шкодзяць падскурным тканкам, а не ўнутраным органам. Медыкі звязваюць інфікаванне з тым, што пацыентка рэгулярна ела сырых жаб, піша Live Science.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: ampols via Getty Images

Жанчына звярнулася ў бальніцу пасля чатырох месяцаў пастаяннага кашлю з эпізодамі крывавай макроты па два-тры разы на дзень. За месяц да кашлю ў яе была тэмпература да 38,3°C.

Спачатку ёй быў пастаўлены дыягназ эазінафільная пнеўманія — рэдкае запаленне лёгкіх, пры якім лейкацыты назапашваюцца ў дыхальных тканках. Лячэнне стэроідамі не дапамагло, а паўторная камп'ютарная тамаграфія паказала рэцыдыўныя ўчасткі паражэння лёгкіх, пасля чаго жанчыну накіравалі ў іншую клініку.

У другой бальніцы звярнулі ўвагу на харчовыя звычкі: жанчына часта ела сырыя морапрадукты і жаб. Аналіз крыві паказаў антыцелы да Spirometra mansoni — паразіта, які выклікае спарганоз. 

«Інфекцыі спарганозу звычайна выяўляюцца ў тканках, размешчаных непасрэдна пад скурай, каля паверхні цела. Яны рэдка мігруюць ва ўнутраныя органы. Гэта першы задакументаваны выпадак у Шанхаі», — гаворыцца ў матэрыяле.

Жанчыну вылечылі, а ці памяняла яна пасля таго харчовыя звычкі — невядома. Медыкі нагадваюць, што ўжыванне сырога мяса жывёл у некаторых рэгіёнах Усходняй Азіі нясе высокую рызыку заражэння паразітамі.

Падобны выпадак у Кітаі ўжо быў: 82‑гадовая жанчына з горада Ханчжоу трапіла ў бальніцу пасля таго, як праглынула восем жывых жаб пры спробе вылечыць хранічныя болі ў спіне.

Чытайце таксама:

У Кітаі жанчына выжыла пасля 22‑х удараў нажом дзякуючы грудным імплантам

У Расіі выявілі першы выпадак вірусу чыкунгунья, які перадаецца праз укусы камароў

У Кітаі — ужо больш за 7000 выпадкаў заражэння вірусам Чыкунгунья

Анкалітычная вірусная тэрапія — танны і эфектыўны спосаб лячэння раку

Каментары да артыкула