Свет

У Кітаі — ужо больш за 7000 выпадкаў заражэння вірусам Чыкунгунья

У ачагу новай інфекцыі, дзесяцімільённым горадзе Фашань, хворых трымаюць у бальніцы на ложках, завешаных маскітнымі сеткамі, цягам тыдня — або да таго часу, пакуль вірус не перастане выяўляцца ў іх аналізах.

Фота: VCG/VCG via Getty Images

У кітайскай правінцыі Гуандун з ліпеня зарэгістравалі ўжо больш за 7000 выпадкаў заражэння вірусам Чыкунгунья, і ўлады правінцыі робяць захады, падобныя да тых, што былі прыняты падчас пандэміі кавіду, піша Бі-бі-сі.

У ачагу новай інфекцыі, дзесяцімільённым горадзе Фашань, хворых трымаюць у бальніцы на ложках, завешаных маскітнымі сеткамі, цягам тыдня — або да таго часу, пакуль вірус не перастане выяўляцца ў іх аналізах.

Вірус Чыкунгунья пераносяць камары. Ён выклікае ліхаманку і моцны боль у суставах, прычым сімптомы часам могуць заставацца на гады. Пры гэтым паміж людзьмі вірус не перадаецца — яго пераносяць толькі камары.

То-бок, каб заразіцца, трэба, каб цябе ўкусіў камар, які да гэтага ўкусіў заражанага чалавека.

Паводле паведамленняў кітайскіх уладаў, пакуль ва ўсіх заражаных Чыкунгуньяй назіраюцца сімптомы ў лёгкай форме, і 95% пацыентаў выпісваюць цягам тыдня. І тым не менш, з’яўленне мала вядомага ў краіне віруса выклікала ў Кітаі невялікую паніку.

Успышкі Чыкунгуньі бываюць даволі часта ў Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі, а таксама ў Афрыцы, але ў Кітаі гэты вірус сустракаецца рэдка.

Упершыню ён быў выяўлены ў Танзаніі 70 гадоў таму, і назвалі яго паводле выразу з мясцовай мовы макондэ, які прыкладна азначае «скруціцца».

Акрамя Фашаня, заражэнні Чыкунгуньяй зарэгістраваны яшчэ як мінімум у 12 гарадах Гуандуна. За мінулы тыдзень зарэгістравалі амаль 3000 выпадкаў.

У панядзелак першае заражэнне было зафіксавана ў суседнім Ганконгу: у 12-гадовага хлопчыка, які пабываў у ліпені ў Фашане, пачаліся ліхаманка, сып і болі ў суставах. Улады Гуандуна заявілі, што прымуць рашучыя меры, каб спыніць распаўсюджанне новай інфекцыі.

Грамадзян заклікаюць пры з’яўленні падобных сімптомаў неадкладна пайсці ў бліжэйшую бальніцу і праверыцца на наяўнасць віруса.

Улады апрацоўваюць вадаёмы, загадалі пазбаўляцца ад застойнай вады ў дамах — напрыклад, у кветкавых гаршках або кавамашынах — і прыгразілі штрафамі да 10 тысяч юаняў (1400 даляраў) тым, хто гэтага не робіць. У стаячай вадзе жывуць лічынкі камароў.

Акрамя таго, спецыялісты выпускаюць «слановых камароў» — камароў-даўганожак, якія не п’юць кроў млекакормячых, але ядуць звычайных камароў, што пераносяць Чыкунгунью. У вадаёмы ж запускаюць рыб, якія ядуць лічынак: на мінулым тыдні ў Фашане былі выпушчаныя 5000 такіх рыб.

Некаторыя з суседніх гарадоў уводзілі 14-дзённы хатні каранцін для тых, хто ездзіў у Фашань, але цяпер яго ўжо адмянілі. Некаторыя параўноўваюць усе гэтыя меры з тымі, што прымаліся падчас кавіду, і задаюцца пытаннем, ці патрэбныя яны.

«Усё так знаёма. Але ці трэба гэта ўсё на самой справе?» — піша адзін карыстальнік кітайскай сацсеткі Weibo.

«Які сэнс у каранціне? — пытаецца іншы. — Не пойдзе ж заражаны кусаць людзей вакол!»

Аднак падчас пандэміі кавіду ў Кітаі прымаліся значна больш жорсткія меры: людзей замыкалі ў шматкватэрных дамах, на доўгі каранцін саджалі цэлыя гарады і г. д.

Што такое Чыкунгунья

У большасці выпадкаў сімптомы хваробы Чыкунгунья праяўляюцца цягам трох-сем дзён пасля ўкусу камара-пераносчыка аднайменнага віруса.

Апрача гарачкі і болю ў суставах, хвароба можа суправаджацца сыпам, галаўным болем, болем у цягліцах і апухласцю суставаў.

Часцей за ўсё хворыя пачынаюць папраўляцца цягам тыдня, але ў цяжкіх выпадках боль у суставах можа турбаваць месяцамі ці нават гадамі.

У цяжкай форме Чыкунгунья часцей за ўсё дзівіць нованароджаных, пажылых і людзей з іншымі захворваннямі, напрыклад, з хваробамі сэрца ці дыябетам.

Лячэння ад Чыкунгуньі няма, але і смяротныя выпадкі надзвычай рэдкія.

Упершыню гэты вірус быў выяўлены ў Танзаніі ў 1952 годзе, пасля чаго распаўсюдзіўся па іншых рэгіёнах Афрыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі. Усяго ён зарэгістраваны ў 110 краінах.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Не вайне!» Як Макс Корж разрываў Варшаву і пра што казаў на сваім канцэрце? РЭПАРТАЖ21

«Не вайне!» Як Макс Корж разрываў Варшаву і пра што казаў на сваім канцэрце? РЭПАРТАЖ

Усе навіны →
Усе навіны

Эканаміст Крук: Жыць далей спадзяваннямі 2020-га — інфантыльна8

«Уіткаф не ведае, пра што кажа». Спецпасланнік Трампа няправільна зразумеў Пуціна — Крэмль усё яшчэ хоча атрымаць чатыры ўкраінскія вобласці7

У Херсонскай вобласці беспілотнікі атакавалі аўтобус. Загінулі два чалавекі, 16 параненых

«Ты яшчэ не стамілася?» Апублікавалі перапіску Мельнікавай, дзе ёй пагражалі11

Пад Мінскам кошка знікла падчас урагану і вярнулася праз тры дні2

У Варшаве пачалася канферэнцыя «Новай Беларусі»48

У Мінску прадаецца марожанае па 100 рублёў. Няўжо яго сапраўды прывозяць з КНДР?

Праваабаронцы зафіксавалі за пяць гадоў больш за 100 тысяч фактаў пераследу2

У беларускія крамы завезлі ююбу. Што гэта такое?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Не вайне!» Як Макс Корж разрываў Варшаву і пра што казаў на сваім канцэрце? РЭПАРТАЖ21

«Не вайне!» Як Макс Корж разрываў Варшаву і пра што казаў на сваім канцэрце? РЭПАРТАЖ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць