БЕЛ Ł РУС

Самая беларуская літара? У літоўскай мове кірылічная «ў» з'явілася раней, чым у беларускай

7.12.2025 / 7:30

Ф. Раўбіч

Літара «ў» даўно лічыцца сімвалам беларускай мовы і нават мае свой помнік у Полацку. Аднак гістарычныя крыніцы сведчаць, што гэты знак (разам з апострафам у якасці раздзяляльніка) быў распрацаваны і актыўна ўжываўся для запісу літоўскай мовы кірыліцай яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя — трохі раней, чым замацаваўся ў сучасным беларускім алфавіце.

«Абецеле жемайтишкай-лѣтувишка…», або Жамойцка-літоўскі буквар, выдадзены літоўскай кірыліцай у Вільні ў 1864 годзе, змяшчае літару «ў» на тытульным аркушы

На гэты цікавы факт звярнуў увагу гісторык Алесь Белы ў сваім тэлеграм-канале Gorliwy Litwin, спасылаючыся на працу літоўскага гісторыка Дарыуса Сталюнаса «Польшча ці Русь? Літва ў складзе Расійскай імперыі» (2022).

Літоўская кірыліца: навошта яна была патрэбна?

З’яўленне літары «ў» у літоўскіх тэкстах было вынікам палітыкі Расійскай імперыі пасля задушэння паўстання 1863—1864 гадоў. Генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў і яго пераемнік Канстанцін Каўфман ініцыявалі поўную забарону літоўскага друку лацінкай (spaudos draudimas).

Мэтай было адарваць літоўцаў ад польскага культурнага ўплыву і наблізіць іх да расійскай культуры. Для гэтага было вырашана перавесці літоўскую мову на кірыліцу («гражданку»). Аднак проста ўзяць рускі алфавіт было немагчыма — ён не адлюстроўваў фанетычных асаблівасцей літоўскага маўлення.

Хто прыдумаў «ў»?

Цікава, што на пачатковым этапе, які гісторык Гедрус Субачус называе «энтузіястычным пачаткам» 1864—1866 гадоў, у распрацоўцы графікі для новай літоўскай пісьменнасці ўдзельнічалі не толькі рускія чыноўнікі і лінгвісты, але і літоўская інтэлігенцыя. Сярод іх вылучаюцца філолаг Станіслаў Мікуцкі, выдавец Лаўрынас Івінскіс, студэнт Варшаўскай вышэйшай школы Томас Жылінскіс і браты Юшка. Імі кіравалі некалькі матываў.

Па-першае, гэта ідэя лінгвістычнай «эканоміі». Яшчэ да паўстання браты Антанас і Ёнас Юшка прапаноўвалі рэфармаваць пісьмо так, каб перадаваць аднолькавыя гукі меншай колькасцю знакаў, і мадыфікаваная кірыліца з дыякрытыкай магла здавацца ім зручным інструментам для стандартызацыі дыялектаў.

Па-другое, сваю ролю адыграла свядомая антыпольская пазіцыя часткі нацыянальнай эліты, якая імкнулася адмежавацца ад польскага дамінавання ў культуры. Як адзначае Дарыус Сталюнас, лаяльнае стаўленне да кірыліцы выглядае як паслядоўная праява жадання дыстанцыявацца ад палякаў: літоўскія дзеячы спадзяваліся, што ўрадавая падтрымка новай азбукі парадаксальным чынам дапаможа развіваць уласную літоўскую этнакультуру ў супрацьвагу польскай.

«Абецеле лѣтувишкай-русишка…» (Літоўска-рускі буквар), выдадзены літоўскай кірыліцай у Варшаве ў 1865 г.

Для перадачы спецыфічных літоўскіх дыфтонгаў і гукаспалучэнняў рускіх літар бракавала. Таму рэфарматары пайшлі на смелыя інавацыі:

«Абецеле лѣтувишкай-русишка…» (Літоўска-рускі буквар) выдання 1871 года. 

Дзе гэта можна пабачыць?

Літара «ў» актыўна выкарыстоўвалася ў цэлым шэрагу выданняў таго часу, якія друкаваліся ў Вільні і Варшаве:

«Казка пра рыбака і рыбку» ў перакладзе на літоўскую, запісаная кірылічным алфавітам

Чаму эксперымент праваліўся?

Нягледзячы на лінгвістычную вынаходлівасць стваральнікаў, «літоўская кірыліца» не прыжылася. Літоўцы ўспрынялі яе як інструмент русіфікацыі і гвалту над сваёй культурай. Сяляне называлі такія кнігі «паліцэйскімі», палілі іх або адмаўляліся купляць.

У адказ узнік магутны рух кніганошаў, якія кантрабандай дастаўлялі з Усходняй Прусіі (Малой Літвы) кнігі на літоўскай мове звыклай лацінкай. Супраціў быў настолькі моцным, што ў 1904 годзе Расійская імперыя была вымушана скасаваць забарону.

Літара «ў» знікла з літоўскага ўжытку разам з кірыліцай, але да таго часу ўжо заняла сваё месца ў беларускім алфавіце, дзе яна стала незаменным сродкам для перадачы ўнікальнай фанетыкі беларускай мовы.

Ці запазычылі беларусы «ў» у літоўцаў?

Наяўнасць літары «ў» у літоўскіх кнігах 1860‑х гадоў можа выклікаць думку, што беларусы пазней проста перанялі гэты знак. Аднак факты сведчаць пра адваротнае: беларуская «ў» развівалася самастойна і эвалюцыянавала з беларускай лацінкі.

Патрэба ў асобнай літары для гука [w] (у нескладовае) наспела ў беларускай мове даўно. Першыя засведчаныя выпадкі выкарыстання адмысловага знака сягаюць у сярэдзіну XIX стагоддзя. Яшчэ ў 1845 годзе Габрыэль Асоўскі скарыстаўся правобразам літары для перадачы рэплік беларускага персанажа ў рамане «Таямнічае даміно». У 1846 годзе Ян Чачот у брашуры «Da milych mužyczkoú» пазначаў гэты гук як «ú». А этнограф Аляксандр Рыпінскі ў кнігах, выдадзеных у Лондане ў 1853—1854 гадах, ужо выкарыстоўваў менавіта «ŭ».

Што тычыцца беларускай кірыліцы, то сюды «ў» трапіла не пазней за 1870 год. Расійскі даследчык Пётр Бяссонаў прапанаваў камбінацыю «у з брэвісам» менавіта як адпаведнік ужо існуючай лацінкавай «ŭ». У 1874 годзе этнограф Павел Шэйн у кнізе «Белорусские народные песни» ўжо паслядоўна ўжывае «ў» (напрыклад: «а ўзяў вутку, заўтра раненька»).

Такім чынам, з'яўленне «ў» у беларускім алфавіце — гэта не запазычанне з «літоўскай кірыліцы», а лагічны вынік пераносу ў кірыліцу графічнай традыцыі, якая ўжо склалася ў беларускай лацінцы ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Літоўскі і беларускі праекты ў гэтым сэнсе развіваліся паралельна, вырашаючы падобныя фанетычныя задачы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула