БЕЛ Ł РУС

«Рашэнні па ЕС будзе прымаць сам ЕС». У Еўракамісіі пракаментавалі Стратэгію нацыянальнай бяспекі ЗША

6.12.2025 / 22:41

Nashaniva.com

Пасля ўчарашняй публікацыі абноўленай Стратэгіі нацыянальнай бяспекі ЗША Еўракамісія падкрэсліла, што высока цэніць трансатлантычныя адносіны, але рашэнні, якія тычацца Еўрапейскага саюза, прымае сам Еўрасаюз, піша «Еўрапейская праўда».

Фота: vecteezy.com

Прэс-сакратар Еўракамісіі адзначыў, што ў дакуменце ЗША слушна вызначаюцца прыярытэты — спыненне расійскай вайны супраць Украіны, а таксама ўвага да падзей у Заходнім паўшар'і, важных для бяспекі саміх ЗША. Ён падкрэсліў, што Еўропа стратэгічна і культурна значная для Амерыкі, а трансатлантычныя гандлёвыя сувязі застаюцца адным з падмуркаў глабальнай эканомікі.

Прадстаўнік Еўракамісіі таксама нагадаў, што апошнія гады ЕС узмацняе намаганні, каб зменшыць залежнасць ад ЗША ў абароннай сферы, і будзе працягваць супрацоўніцтва, скіраванае на павелічэнне канкурэнтаздольнасці Еўропы.

Ён падкрэсліў: усе пытанні, якія тычацца Еўрапейскага саюза, уключаючы рэгуляванне, абарону свабоды слова і падтрымку міжнароднага парадку, заснаванага на правілах, будуць вырашацца самім ЕС.

У самой стратэгіі ЗША гаворыцца пра неабходнасць аднаўлення стратэгічнай стабільнасці ў адносінах з Расіяй, наданне Еўропе большай адказнасці за ўласную абарону і стрыманасць у пытаннях далейшага пашырэння НАТА.

Галоўная дыпламатка Еўрасаюза Кая Каллас раней адзначыла, што хоць у частцы крытычных заўваг з боку ЗША і ёсць пэўны грунт, Еўропа павінна ўпэўнена адстойваць сваю сілу і пазіцыю, у тым ліку ў адносінах да Расіі.

Чытайце таксама:

«Новая версія дактрыны Манро ад Трампа». У чым сутнасць новай стратэгіі нацыянальнай бяспекі ЗША 

ЗША хочуць, каб НАТА больш не пашыралася — стратэгія нацбяспекі

Літва і ЗША будуць размаўляць, каб прызнаць гібрыдныя атакі Беларусі тэрарыстычнымі дзеяннямі

«Замест выратавання Еўропы цэнтрысты вядуць яе ў прорву»

Каментары да артыкула