Еўрапейскія цэнтрысты абяцалі выратаваць кантынент ад папулізму. Але не маючы выразнага праекта будучыні, улады праводзяць палітыку, якая толькі падсілкоўвае ўльтраправых, рыхтуючы ідэальную глебу для іх трыумфу, разважае ў эсэ для The New York Times Дэвід Бродэр, эксперт па еўрапейскай палітыцы і аўтар кнігі «Унукі Мусаліні».

Ён сцвярджае, што перамога над ультраправымі магчымая, але для гэтага лідарам Францыі, Германіі і Вялікабрытаніі трэба перастаць капаць сабе яму.
Памылкі палітычных гігантаў
Бродэр звяртае ўвагу на тое, што лідары ў Парыжы, Берліне і Лондане цвёрда перакананыя: спыненне ўльтраправых — іх галоўная місія. Але яны яе правальваюць.
Аўтар прыгадвае, што Эмануэль Макрон планаваў ператварыць Францыю ў «стартап-нацыю» праз эканамічныя рэформы. Макрон прасіў французаў пацярпець дзеля будучых выгад. Ён разлічваў, што нават непапулярныя меры — падатковыя ільготы для багатых, павышэнне пенсійнага ўзросту, жорсткае падаўленне пратэстаў — у выніку апраўдаюцца ростам дабрабыту, і людзі самі яго падтрымаюць.
Аднак, як адзначае Бродэр, замест удзячнасці Макрон атрымаў страту большасці ў парламенце і палітычны параліч. За два гады Францыя змяніла пяць прэм’ераў, у той час як пазіцыі Марын Ле Пэн толькі ўзмацніліся.
Не лепшая сітуацыя і ў Вялікабрытаніі. Калі Макрон, на думку Бродэра, занадта жорсткі з пазіцыі слабасці, то Кір Стармер — занадта асцярожны з пазіцыі сілы Нягледзячы на вялізную большасць, якую атрымала Лейбарысцкая партыя на выбарах, урад, як адзначае аўтар, паводзіць сябе «з дзіўнай баязлівасцю». Іх формула — скарачаць траты сёння і спадзявацца на рост заўтра — не натхняе выбаршчыкаў.
Бродэр падкрэслівае, што прэм'ер-міністр не здолеў эфектыўна супрацьстаяць наратыву Найджэла Фараджа і яго права-папулісцкай партыі Reform U.K. У выніку падтрымка лейбарыстаў упала да 18%, тады як Reform U.K. дасягнула 30%.
У Германіі сітуацыя таксама выглядае складана. Фрыдрых Мерц, лідар Хрысціянска-дэмакратычнага саюза, зрабіў стаўку на рэмілітарызацыю не толькі дзеля абароны ад Расіі, але і як спосаб ажывіць прамысловасць. Аднак, як заўважае аўтар, гэтая стратэгія не аслабіла «Альтэрнатыву для Германіі» (AfD).

Гэтая ўльтраправая партыя таксама выступае за пашырэнне ваеннай прамысловасці і войска, толькі ўжо пад нямецкім, а не еўрапейскім кіраўніцтвам, крытыкуе еўрапейскую «зялёную рэіндустрыялізацыю», затое ахвотна абяцае працоўныя месцы ў сектары ўзбраенняў.
Мерц спадзяецца, што поспех урада знізіць прывабнасць ультраправых, але яны становяцца галоўнай апазіцыяй і рэгулярна лідзіруюць у апытаннях. І тое, што AfD здольная перахапіць яго флагманскую ідэю «вялікай Германіі праз мілітарызацыю», павінна, як лічыць аўтар, насцярожыць канцлера.
Бродэр піша: хоць Францыя, Брытанія і Германія розныя, урады гэтых краін зрабілі агульны крок — перанялі варожасць сваіх апанентаў да міграцыі.
Макрон, Стармер і Мерц зрабілі больш жорсткімі падыходы да міграцыі. Але, як адзначае аўтар, гэта не працуе: выбаршчыкі, незадаволеныя іміграцыяй, аддаюць перавагу арыгіналу, а не цэнтрысцкай копіі.
Паспяховыя альтэрнатывы: Данія і Іспанія
Бродэр прыводзіць прыклады краін, дзе ўдалося стрымаць ультраправых.
У Даніі Дацкая народная партыя за дзесяцігоддзе страціла большасць сваёй падтрымкі (з 27% у 2014 да 6% у 2024-м). Існуе меркаванне, што поспех прэм'ер-міністаркі Метэ Фрэдэрыксен абумоўлены яе жорсткай антыміграцыйнай палітыкай.
Але калумніст лічыць, што сапраўдны сакрэт поспеху Фрэдэрыксен палягаў у амбіцыйнай праграме «зялёнай» рэіндустрыялізацыі. Урад пераканаў грамадзян, што пераход да зялёнай эканомікі — гэта шлях да росквіту, падмацаваўшы словы інвестыцыямі. Сёння датчан больш хвалюе клімат і ахова здароўя, чым міграцыя.

Яшчэ больш паказальным аўтар лічыць прыклад Іспаніі пад кіраўніцтвам Педра Санчэса. Ён здолеў утрымаць уладу і спыніць рост ультраправай партыі Vox, праводзячы палітыку ў інтарэсах працоўных: падчас пандэміі ўрад абмежаваў цэны на энерганосьбіты, прызнаў кур'ераў дастаўкі наёмнымі работнікамі з правамі і аднавіў пэўныя працоўныя гарантыі. Далей ён рэзка павялічыў мінімальны заробак і падаткі на буйныя багацці.
Даўшы свайму электарату прычыны трымацца за яго, партыя Санчэса пераламала трэнд, калі выбаршчыкі з нізкім даходам і меншай адукацыяй адварочваліся ад левых.
Хоць і ў Фрэдэрыксен, і ў Санчэса цяпер ёсць цяжкасці, іх вопыт даказвае каштоўнасць палітычнай смеласці. Бродэр упэўнены: эканамічная справядлівасць і ясны праект будучыні працуюць лепш, чым простае запалохванне пагрозай ультраправых.
Што далей?
Бродэр прапануе канкрэтныя рашэнні для цяперашніх лідараў. У Францыі, на яго погляд, патрэбны падатак на багацце, стабілізацыя ўрада і папаўненне бюджэту. У Брытаніі ўрад мог бы падняць узровень жыцця праз стрыманне газавых рахункаў, падаткі на энергетычных гігантаў і вяртанне «зялёных» інвестыцый. У Германіі можна паслабіць інвестыцыйныя абмежаванні, каб абнавіць інфраструктуру — чыгунку, жыллё — і даць іншую, неваенную форму эканамічнага стымулу.
Што ж будзе, калі цэнтрысты не зменяць курс? Аўтар малюе змрочную карціну Еўропы 2030 года.
Бродэр папярэджвае: калі тэндэнцыя захаваецца, да канца дзесяцігоддзя ўрады найбуйнейшых краін Еўропы могуць узначаліць такія фігуры, як Найджэл Фарадж у Вялікабрытаніі, Марын Ле Пэн у Францыі і Герт Вілдэрс у Нідэрландах.
Калі гэта адбудзецца, яны атрымаюць у спадчыну дзяржавы з новымі і небяспечнымі паўнамоцтвамі. Нарошчванне ўзброеных сіл на кантыненце, калі краіны павялічваюць ваенныя выдаткі і зноў мабілізуюць моладзь у войска, з'яўляецца яскравым прыкладам. Гэтак жа як і рэпрэсіўныя меры, прынятыя ўрадамі для падаўлення іншадумства і пратэстаў, асабліва па пытаннях вайны і міру.
На погляд аўтара, «Еўрасаюз ультраправых» не будзе імкнуцца да выхаду з ЕС, а паспрабуе трансфармаваць яго знутры. Зялёны курс будзе згорнуты, а інвестыцыі пойдуць на мілітарызацыю і дэпартацыі. Бродэр прагназуе магчымасць жорсткіх праграм «рэміграцыі», накіраваных супраць мусульман і меншасцяў, а таксама падазронага стаўлення да ўкраінскіх бежанцаў. І адказнасць за гэта ляжа на цяперашніх цэнтрысцкіх лідараў, калі яны тэрмінова не зменяць сваю стратэгію.
Каментары
Людзі чамусці абіраюць тых, хто даўно і паслядоўна артыкулюе наяўнасць праблем і прапануе кардынальныя захады для іх вырашэння, за што дзесяцігоддзямі атрымлівае мянушкі "ультраправых", "фашыстаў" і "папулістаў".
А маглі б прагаласаваць за кан'юнктуршчыкаў-цэнтрыстаў, якія гатовы рабіць што заўгодна дзеля галачкі і рэйтынгаў.