БЕЛ Ł РУС

«У Заліве так прынята». Эйсмант апраўдалася, чаму Лукашэнка лётаў у Аман з сынамі

7.12.2025 / 21:38

Nashaniva.com

Прэс-сакратарка Лукашэнкі пацвердзіла, што ягоны старэйшы сын Віктар з’яўляецца куратарам стасункаў з Аманам. Але ў яго няма ніякіх дзяржаўных пасад.

Наталля Эйсмант патлумачыла, чаму Аляксандр Лукашэнка лётаў у Аман з сынамі Віктарам і Мікалаем.

З ейных слоў, старэйшы сын Лукашэнкі сапраўды курыруе адносіны Беларусі з Аманам. Таму што там нібыта так прынята, піша БелТА.

«У іх гэта сапраўды знак асаблівай павагі, асаблівай увагі і асаблівага стаўлення да развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння, калі замацаваная асоба за ўзаемадзеяннем паміж краінамі, за супрацоўніцтвам — гэта прадстаўнікі сям'і. Вось у гэтым выпадку старэйшы сын прэзідэнта», — заявіла Эйсмант.

Яна дадала, што для Віктара Лукашэнкі гэта сур'ёзная дадатковая нагрузка і адказнасць.

«Але ў гэтых краінах так прынята. І гэта сапраўды вельмі дапамагае. Гэта такая дадатковая ўвага, дадатковы кантроль. Гэта дае вельмі сур'ёзны штуршок для развіцця двухбаковых дачыненняў. Вось таму на сустрэчы былі сыны», — сказала Эйсмант.

Пры гэтым яна не патлумачыла, навошта ў Аман лётаў студэнт БДУ Мікалай Лукашэнка, які, як і Віктар, не займае ніякіх дзяржаўных пасад.

Паспрабавала патлумачыць Эйсмант і дзіўную закрытасць перамоў Лукашэнкі ў Амане. Яна заявіла, што такіх прынцыпаў пільнуюцца ў самім рэгіёне.

«У гэтым рэгіёне прызвычаіліся працаваць у цішыні, і тут не трэба шукаць ніякіх схаваных сэнсаў. Гэта той фармат, у якім працуюць у гэтым рэгіёне», — агучыла сваю версію Эйсмант.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула