БЕЛ Ł РУС

Літоўская мытня: На тэрыторыі Беларусі знаходзяцца толькі 185 грузавікоў з літоўскімі нумарамі

9.12.2025 / 16:30

Nashaniva.com

Літоўская мытня паведаміла, што на тэрыторыі Беларусі ўсё яшчэ застаюцца 185 грузавікоў з літоўскімі нумарамі. Пра гэта 9 снежня расказала намесніца кіраўніка мытні Давіле Краулайдэне, піша LRT.

Скрыншот з відэа Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі

Паводле слоў чыноўніцы, пасля праверкі інфармацыі і прагледжаных запісаў з камер у Літве высветлілася, што менавіта такая колькасць транспартных сродкаў застаецца заблакаванай.

Сярод іх 91 аўтамабіль і 49 прычэпаў належаць асацыяцыі Linava, яшчэ 28 аўтамабіляў і 17 прычэпаў належаць іншым уладальнікам. Некаторыя з машын маюць расійскія нумары.

Паводле слоў прадстаўніцы літоўскай мытні, раней, калі ў асацыяцыю«Linava звярталіся з просьбай удакладніць колькасць заблакаваных у Беларусі машын, тая называла прыкладна 500 грузавікоў.

Аднак сама Linava ў публічных заявах сцвярджае, што на беларускім баку засталося нібыта каля 4 тысяч транспартных сродкаў, у тым ліку прыблізна 1,25 тысячы фураў.

У сваю чаргу дарадца прэм’ер-міністра Ігнас Альгірдас Добровольскас заклікаў перавозчыкаў да сумленнасці і падачы дакладнай інфармацыі, бо гэта магло б значна паскорыць вяртанне тэхнікі ў Літву. Ён падкрэсліў, што ўлады настроеныя не супраць перавозчыкаў, а наадварот, імкнуцца дапамагчы, але для гэтага трэба мець рэальныя даныя, а не лічбы, якія выглядаюць як маніпуляцыя.

Давіде Краулайдэне таксама адзначыла, што ў апошні час у пунктах пропуску на выезд з Літвы ў Беларусь утвараюцца ўсё большыя чэргі: праезду праз Меднікі (з беларускага боку Каменны Лог) чакалі каля 500 фураў, а праз Салечнікі (Беняконі) — каля 300.

Яна дадала, што з Літвы выязджае больш грузавікоў з літоўскімі нумарамі, чым уязджае, але, відаць, частка з іх вяртаецца праз іншыя пункты пропуску.

Тым часам на пасяджэнні Рады бяспекі Аляксандр Лукашэнка сёння запатрабаваў ад Літвы пачаць перамовы без пасярэднікаў і прапанаваў выкупаць у літоўскіх перавозчыкаў прадукцыю, якая можа сапсавацца. Акрамя таго, ён выставіў Літве некалькі патрабаванняў: вярнуць пажарныя машыны, прызначаныя для Зімбабвэ, аднавіць нармальную працу санаторыя ў Друскеніках і вярнуць грошы, укладзеныя ў будаўніцтва порта ў Клайпедзе.

Чытайце таксама:

Міністр унутраных спраў Літвы абураны перавозчыкамі: Пасля паездкі ў Беларусь яны вяртаюцца з прамытымі мазгамі

Праз захраслыя ў Беларусі літоўскія грузавікі ў Вільні пройдзе пратэст перавозчыкаў— фурамі заставяць цэнтр горада

У Літве прапанавалі кампенсаваць захраслыя ў Беларусі грузавікі беларускай маёмасцю

Лукашэнка назваў патрабаванні і прэтэнзіі да Літвы: альтэрнатыўны ўрад, харугвы, порт, машыны для Зімбабвэ, санаторый

Каментары да артыкула