БЕЛ Ł РУС

Кіроўцы «Яндэкс-таксі» ў Беларусі абмяркоўваюць ідэю забастоўкі 15 снежня

12.12.2025 / 8:30

Ганна Стафановіч

Кіроўцы «Яндэкс-таксі» незадаволены ўмовамі працы. Каб прымусіць сэрвіс пайсці на змены, таксісты з Беларусі, Расіі і Казахстана пагражаюць зрабіць сабе выходны ў бліжэйшы панядзелак.

Фота: onliner.by

Прэтэнзій да агрэгатара ў таксістаў сабралася даволі шмат. На першым месцы, безумоўна, нізкія тарыфы.

Аляксандр, які працуе ў таксі Полацка і Наваполацка, ужо пайшоў з «Яндэкс-таксі» і задаволены сваім рашэннем. Цяпер ён не разумее тых, хто працягвае пагаджацца на ўмовы буйнага сэрвісу і заклікае кіроўцаў паважаць сябе.

Нядаўна ён распавядаў у тыктоку, што «Яндэкс» адмяніў даплату да 4 рублёў у выпадку мінімальнай замовы.

— Цяпер калі ты вязеш за 2.50, дык тваіх не 2.50 — «Яндэкс» з гэтай сумы возьме камісію, падатак з гэтай сумы, бензін яшчэ… І табе застанецца 0. Добра, калі ты ў мінус не сыдзеш.

Мужчына абураецца тым, што таксісты, нягледзячы на такія смешныя сумы, працягваюць працаваць.

— Як у 2025 годзе можна ездзіць за такія грошы? Нават з даплатай да 4 рублёў — гэта ж нічога. Як сказаў прадстаўнік «Яндэксу», «пакуль таксісты ездзяць, значыць, іх усё задавальняе, значыць, не трэба падымаць цэны».

@aleksandrtaksi24 Делай ещё больше заказов , чтоб заработать меньше #новополоцк #полоцк #александрмитрухин ♬ оригинальный звук - Александр Митрухин

Ён заклікае прынцыпова не браць такія замовы.

Сваім болем і прапановамі кіроўцы «Яндэкс-таксі» актыўна дзеляцца ў тыктоку. Акрамя павышэння тарыфаў і змяншэння камісіі «Яндэксу» яны кажуць пра неабходнасць забароны ставіць кропку ў зоне, дзе забаронена пасадка і высадка пасажыраў, а таксама ўвядзення санкцый для пасажыраў з нізкім рэйтынгам.

Таксіст з Мінска, якога завуць Іван, просіць усіх падтрымаць ідэю агульнага выходнага:

— Я разумею, што ёсць арэнднікі, ёсць людзі, якія на акладзе працуюць… Але было б няблага, калі б вы ўсе падтрымалі і зрабілі б сабе 15 снежня выходны, проста адпачылі б. Крыпанулі, так сказаць, ад гэтага «Яшы» і зрабілі сабе цудоўны выходны. Калі нічога не рабіць, дык нічога дакладна не атрымаецца. Зразумела, што адным днём мы нічога не даб'ёмся, але нейкія мінімальныя рухі, каб нешта змянілася ў наш лепшы бок, трэба рабіць. Давайце будзем адной вялікай і дружнай камандай.

@piastunivan

Поддержите друг друга 15 декабря

♬ оригинальный звук - Иван Такси Минск

Алеся, якая таксама працуе таксісткай у сталіцы, ухваляе ідэю з забастоўкай, але ўпэўнена, што чакаць шырокай падтрымкі не варта.

— Бо хапае тых, хто прынцыпова пойдзе працаваць. Я чытала ўжо мільён каментароў ад такіх: «Ну вось ідзі, а я пайду ўсе вашы замовы лавіць», — па павышаным каэфіцыенце. І ёсць іншая катэгорыя — тыя, хто проста не можа сабе дазволіць не выйсці. Я, напрыклад, з такіх. Бо нават тыя 100-150‑200 рублёў, якія я магу зарабіць у гэты дзень (не таму, што будуць павышаныя каэфіцыенты, а таму, што так выходзіць у звычайны сярэдні дзень), дазволяць мне набыць прадуктаў сабе і дзецям, аплаціць садок, набыць дзецям падарункі на Новы год. Вось і ўсё. А такіх людзей велізарная колькасць. Таму я лічу з усіх кіроўцаў не выйдуць на лінію 30%. А мне здаецца, гэта так сабе вынік.

@freedomalise #девушкавтакси #яндекстакси #забастовкаяндекс ♬ оригинальный звук - Олеся

Кагосьці ідэя аднадзённай забастоўкі раз'юшыла. Малады таксіст з Мінска не можа стрымаць эмоцый і размаўляе амаль выключна мацюкамі:

— Я пра 15 снежня ўжо за*ся слухаць. Вы зусім ёб*ся, на*й? Пастаўце машынку, зніміце аклейку, уладкуйцеся на завод ці пасудамыйкай некай працаваць, ці грузчыкам. І працуйце сабе, хто вам перашкаджае?! Якія на*й забастоўкі. (…) Раней працавалі — і ўсё за*сь, а цяпер усё х*ёвы. Цэны не тыя, тое не тое… Знайдзіце сабе іншую нішу і там працуйце. Вы толькі ў тыктоке можаце такую х* разганяць. Насамрэч, нічога не зменіцца.

@fake_taxi_yanik #яндекстакси#15#декабря#назвод#идите❤️ ♬ оригинальный звук - Fake_Taxi_yanik

У ананімным тыкток-акаўнце BY з'явіліся нават недвухсэнсоўныя пагрозы:

— Ну што, сябры-таксісты! Абвесцім 15 снежня беларускі выходны дзень таксіста. Я думаю, усе падтрымаюць і машыны паставяць. Ну а тыя, хто не паставіць і будзе пыласосіць, будуць атрымоўваць фэйкавыя замовы на вельмі добрыя завулкі ды двары з невыязным праходам. Так што падтрымайце калег.

@by230867

15 декабря выходной такси РБ

♬ оригинальный звук - BY

А нехта ўжо пачаў запісваць жартаўлівыя відэа пра таксіста, праз якога ў чарговы раз нічога не атрымалася. У роліку кіроўца «Яндэкс-таксі» вагаецца, калі бачыць павышаны каэфіцыент. Але ж калі на экране высвечваецца «+10», то хуценька заскоквае ў аўтамабіль.

@artyom_zg Тот самый таксист из-за которого ничего опять не вышло #таксивитебск #15декабря ♬ оригинальный звук - ARTYOM_ZG

Чытайце таксама:

Спявак Аляксей Хлястоў расказаў, ці можна ў таксі замовіць, каб прыехаў менавіта ён

Кіроўца таксі высадзіў хлопчыка пасярод дарогі, падлетка шукалі бацькі і міліцыя

Рэкламны банер з Аляксандрам Глебам павесілі на тым скрыжаванні ў Мінску, дзе ён стаў удзельнікам смяротнай аварыі

Каментары да артыкула