Эксперты папярэджваюць пра небяспеку кітайскіх аўто
Гэтыя «разумныя» машыны — сапраўдныя мабільныя платформы для татальнага сачэння. Патэнцыйна яны могуць стаць інструментамі дыверсій.
Кітайскае аўто Voyah Free. Фота: «Наша Ніва»
Згодна з данымі Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, на долю «БелДжы» прыходзіцца каля 50-55% продажаў новых аўто афіцыйнымі дылерамі. Яшчэ да 25% прыпадае на аўтамабілі кітайскіх марак, якія імпартуюцца непасрэдна з Кітая.
Як адзначаюць эксперты, кітайскія электрамабілі і гібрыды становяцца ўсё больш тэхналагічна прасунутымі, часта апярэджваючы сусветных вытворцаў. Пакупнікі апошніх мадэляў атрымліваюць доступ да функцый, якія на Захадзе толькі ўкараняюцца: бесперабойных галасавых памочнікаў, аўтаматызаваных сістэм паркоўкі і персаналізаваных панэляў кіравання.
Фактычна такое аўто ператвараецца ў мабільны цэнтр лічбавай экасістэмы, сінхранізаваны з тэлефонам і воблачнымі сэрвісамі, які рэгулярна абнаўляецца дыстанцыйна.
Аднак менавіта гэтая татальная «падключанасць» і стварае галоўную небяспеку. Як піша выданне Rzeczpospolita са спасылкай на меркаванне аналітыкаў, машыны, якія пастаянна манітораць навакольнае асяроддзе, збіраюць персанальныя даныя і дазваляюць дыстанцыйна перахопліваць кантроль, сёння сталі рэальнай пагрозай.
Аналітыкі папярэджваюць, што такія аўтамабілі фактычна ператвараюцца ў шпіёнаў Пекіна. Гэта стварае прамую пагрозу таго, што стратэгічна важныя звесткі — напрыклад, пра маршруты перамяшчэння ваеннай тэхнікі або размяшчэнне аб'ектаў крытычнай інфраструктуры — будуць у рэжыме рэальнага часу трапляць да кітайскіх спецслужбаў.
Тэхналогіі, якімі аснашчаны сучасныя кітайскія машыны, робяць іх не проста сродкам перамяшчэння, а складанымі мультысенсарнымі платформамі. Камеры і лазерныя сканеры здольныя ствараць трохмерныя карты мясцовасці з дакладнасцю да сантыметраў, мікрафоны могуць праслухоўваць размовы ў салоне, а біяметрычныя сістэмы — аналізаваць твары, галасы і адбіткі пальцаў.
Як адзначаюць эксперты, сучасны інтэлектуальны аўтамабіль — гэта фактычна набор з некалькіх сотняў міні-камп'ютараў, які яшчэ і ездзіць. Такія машыны спампоўваюць ад гігабайтаў да тэрабайтаў даных штодня, і Кітай мае каласальныя магутнасці для іх апрацоўкі.
Схаваны кантроль
Акрамя шпіянажу, эксперты малююць яшчэ больш змрочныя сцэнарыі. Магчымасць дыстанцыйнага кіравання сістэмамі запальвання і рулявым механізмам дазваляе зладзіць маштабныя дыверсіі. У выпадку канфлікту вытворца можа адным клікам заблакаваць тысячы машын у ключавых пунктах гарадоў, паралізаваўшы транспартныя вузлы і перашкодзіўшы эвакуацыі ці перадыслакацыі войска.
Асаблівую трывогу выклікае юрыдычны аспект: паводле кітайскага заканадаўства, любая кампанія абавязана перадаваць ураду даныя, сабраныя за мяжой.
Гэта наўпрост тычыцца і Беларусі, дзе масава збіраюць не толькі кітайскія Geely, але і аўто пад уласнай маркай Belgee. Эксперты папярэджваюць: нават калі аўтамабіль лічыцца вырабленым унутры краіны, яго «лічбавыя мазгі» застаюцца кітайскімі, а значыць, тэхнічна падкантрольнымі Пекіну.
Зборачная лінія кітайскіх аўтамабіляў. Фота: Tan Yunfeng / VCG via Getty Images
Гаворка найперш пра так званыя CIM (сотавыя модулі) — чыпы, якія адказваюць за падключэнне аўтамабіля да інтэрнэту. Менавіта праз гэты «шлюз» адбываецца абнаўленне сістэм і перадача звестак. На думку экспертаў, у часы напружанасці або вайны ў модулі CIM можна дыстанцыйна ўкараніць шкоднасныя праграмы, каб спыняць транспартныя сродкі проста на дарогах або выводзіць з ладу крытычна важную інфраструктуру.
Пра тое, што гэта не фантастыка, сведчыць гісторыя з амерыканскімі трактарамі John Deere, якія расійскія вайскоўцы скралі з Украіны. Кампанія-вытворца проста дыстанцыйна адключыла доступ да гэтых машын праз такія ж модулі CIM, ператварыўшы тэхніку ў бессэнсоўнае жалеза.
Сёння Кітай утрымлівае 69% сусветнага рынку гэтых модуляў. Такая татальная манаполія стварае стратэгічную залежнасць, якую аналітыкі лічаць нават больш небяспечнай, чым залежнасць ад рэдказямельных металаў.
Але ёсць і іншыя ўразлівасці. Напрыклад, функцыі аўтапілота і інтэлектуальнага круіз-кантролю працуюць на базе сэнсараў LiDAR. У гэтым сегменце дамінаванне Пекіна яшчэ больш адчувальнае — на Кітай прыпадае амаль 80% сусветных продажаў гэтых прылад.
Атрымліваецца, што «вочы» і «вушы» сучаснага аўтамабіля, а таксама сродкі яго сувязі са знешнім светам цалкам залежаць ад адной краіны.
Стратэгія абароны
Каб абараніцца ад гэтых пагроз, эксперты прапануюць пераняць досвед самога Кітая. Пекін даўно абмежаваў рух заходніх машын (напрыклад, Tesla) каля ўрадавых і ваенных аб’ектаў.
Эксперты пераконваюць у тым, што трэба ўвесці абавязковае захоўванне даных айчынных кіроўцаў выключна на серверах, што знаходзяцца ўнутры краіны, і ўкараніць так званы рэжым палёту для аўтамабіля — кнопку, якая дазваляе кіроўцу цалкам адключыць усе датчыкі і перадачу звестак.
Акрамя таго, неабходна ўкараніць пашыраную ананімізацыю: твары мінакоў і нумарныя знакі іншых аўто павінны аўтаматычна размывацца перад адпраўкай звестак у воблака. Таксама вытворцаў хочуць абавязаць праходзіць дадатковую сертыфікацыю бяспекі.
Нарэшце, варта памятаць пра яшчэ адну рызыку, якую часта ігнаруюць пакупнікі таннага кітайскага «цуду». У выпадку маштабнага геапалітычнага канфлікту Кітай можа апынуцца пад жорсткімі санкцыямі.
Гэта азначае, што пастаўкі запчастак і праграмныя абнаўленні будуць спыненыя ў адзін момант, ператвараючы высокатэхналагічныя машыны ў нерухомы металалом. Прыцягальная цана і багатая камплектацыя кітайскіх аўто сёння могуць абярнуцца сур’ёзнымі праблемамі заўтра — як для ўладальніка, так і для дзяржавы.
Чытайце таксама:
Кітайскія аўтамабілі-гібрыды моцна апраменьваюць карыстальнікаў
У Беларусь вяртаецца буйны кітайскі брэнд аўто
«Поўны фарш, а цана як у пустой Tesla». Чым (не) задаволеныя ўладальнікі кітайскіх электрамабіляў