У Беларусі будуць гадаваць больш бычкоў на мяса
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб развіцці мясной галіны», накіраваны на павышэнне эфектыўнасці вытворчасці ялавічыны ў краіне. Пра гэта паведаміла прэс-служба палітыка.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Дакумент прадугледжвае будаўніцтва і рэканструкцыю спецыялізаваных комплексаў па вырошчванні і адкорме бычкоў. Рэалізацыя маштабнага праекта запланаваная на перыяд з 2026 па 2030 год.
Указам вызначаюцца ўмовы рэалізацыі інвестыцыйных праектаў і патрабаванні да іх. У прыватнасці, прадугледжваецца выдача субсідый на выплату працэнтаў па крэдытах на парытэтнай аснове за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў.
Акрамя таго, фінансаваннем будаўніцтва і мадэрнізацыі жывёлагадоўчых комплексаў зможа займацца Банк развіцця Рэспублікі Беларусь. Крэдыты будуць выдавацца тэрмінам да 20 гадоў з выплатай працэнтаў у памеры стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка.
Таксама ўстаноўлены ліміт крэдытавання — 85 базавых велічынь (3825 рублёў) на адно стойла для жывёлы.
Як адзначылі ў прэс-службе Лукашэнкі, указ накіраваны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы мясной галіны і рост уласнай вытворчасці ялавічыны.
Чытайце таксама:
Эканомны рацыён. Якія наборы прадуктаў можна купіць у беларускіх крамах за 5 рублёў?
Медыкі ўпершыню зафіксавалі смерць чалавека ад «алергіі на мяса», выкліканай кляшчом
Лукашэнка прыгразіў паздымаць галовы за падзеж жывёлы
Навуковец расказаў пра будучыню цялят, якіх нарадзілі беларускія каровы ад зубра