БЕЛ Ł РУС

Вясной у Мінск прывязуць карціну Шагала

15.01.2026 / 22:01

Nashaniva.com

У красавіку ў беларускай сталіцы пройдуць Дні Рускага музея. Пра гэта ў эфіры АНТ паведаміла дырэктарка Нацыянальнага мастацкага музея Ірына Мацяс.

Марк Шагал. «Прагулка»

Ірына адзначыла, што беларускія музеі не маюць у сваіх зборах такой колькасці сусветна вядомых шэдэўраў, як расійскія або еўрапейскія. У той жа час паміж Нацыянальным мастацкім музеем і Рускім музеем падпісаная дамова аб супрацоўніцтве.

Паводле слоў дырэктаркі музея, у межах Дзён Рускага музея ў Мінск плануецца прывезці карціну Марка Шагала «Прагулка». Прадставіць больш шырокую экспазіцыю твораў мастака ў Беларусі складана, хоць такі праект выглядаў бы вельмі прывабна. Асноўная перашкода — надзвычай высокі кошт страхавання работ.

Карціна «Прагулка над Віцебскам» лічыцца адной з самых вядомых у творчасці Марка Шагала. Яна была напісаная ў 1917—1918 гадах і мае выразна аўтабіяграфічны характар. Мастак стварыў яе пасля шлюбу з жонкай Бэлай і нараджэння дачкі Іды: на палатне ён стаіць на зямлі, а ягоная жонка нібыта ляціць у паветры.

«Прагулка» ўваходзіць у трыпціх разам з карцінамі «Двайны партрэт» і «Над горадам». У 1973 годзе Марк Шагал наведваў Савецкі Саюз і спецыяльна зайшоў у Трацякоўскую галерэю, каб убачыць гэтую работу, якая тады там экспанавалася.

Чытайце таксама:

Офіс Ціханоўскай запасся на наступны год «шагаладам» ФОТАФАКТ

Балет пра Марка Шагала паставяць у Вялікім тэатры

Успаміны Бэлы Шагал паказваюць нечаканы Віцебск. І раскрываюць яшчэ адну таямніцу карцін Шагала

На аўкцыёне карціну Шагала прадалі за 3 мільёны даляраў

Каментары да артыкула