Памёр кінааператар Анатоль Забалоцкі
16 студзеня ў 90 гадоў памёр кінааператар-пастаноўшчык карцін кінастудыі «Беларусьфільм» «Альпійская балада» і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Анатоль Забалоцкі, паведамляе «Радыё Свабода».
Анатоль Забалоцкі. Фота: «Радыё Свабода»
Зняты Забалоцкім фільм «Цераз могілкі» беларускага рэжысёра Віктара Турава ўвайшоў у сотню найлепшых стужак пра вайну па версіі UNESCO. Яму прысвячаў свае вершы Уладзімір Караткевіч.
Сярод іншага ён здымаў таксама шукшынскія «Каліну красную» і «Печкі-лавачкі».
Анатоль Забалоцкі нарадзіўся ў 1935 годзе ў Краснаярскім краі. У інтэрв’ю «Радыё Свабода» ён адзначаў: «Па дзеду — беларус. Мой дзед Канстанцін Лявонавіч Забалоцкі быў з Барысава, у сталыпінскую рэформу перасяліўся ў Сібір, моцна асеў на зямлі».
Пасля заканчэння Маскоўскага інстытута кінематаграфіі ў 1960 годзе ён быў накіраваны на «Беларусьфільм», дзе працаваў каля дзесяці гадоў. Удзельнічаў у стварэнні 15 фільмаў.
Апошнім часам Забалоцкі займаўся мастацкай фатаграфіяй. Жыў у Маскве.