«Ніводнага званка ўнутр». Як выглядае інтэрнэт у Іране і як краіна ўжо тыдзень жыве без яго падчас пратэстаў
У Іране ўжо дзявяты дзень адключаны інтэрнэт. Улады звярнуліся да шатдаўну на фоне масавых выступленняў за змену рэжыму. Пратэсты пачаліся ў канцы 2025 года, а ў студзені набылі масавы характар. З-за адключэння інтэрнэту 90 мільёнаў чалавек засталіся без сувязі з вонкавым светам і адно з адным.
Фота Getty Images
Пратэстоўцы спрабуюць адпраўляць у сацсеткі інфармацыю аб ахвярах — часта падвяргаючы сябе вялікай небяспецы. Ілан Маск зрабіў для Ірана бясплатны інтэрнэт праз спадарожнікі Starlink, але ўлады знайшлі спосаб глушыць і іх.
Бі-бі-сі расказвае, як працуе іранскі інтэрнэт і як краіна жыве без сувязі са светам падчас пратэстаў.
«Нацыянальная сетка»: што такое іранскі інтэрнэт?
Зараз у Іране дзейнічае адзін з самых жорсткіх у свеце рэжымаў абмежаванняў інтэрнэту — камунікацыі строга кантралююцца і цэнзуруюцца ўладамі. У Іране ёсць свой фаервол, які стварае свой асобны ад глабальнай сеткі інтэрнэт, дзе заблакаваныя амаль усе папулярныя сусветныя парталы і месенджары — YouTube, Facebook, Вікіпедыя, Twitter, Telegram і іншыя. У краіне таксама ёсць свая пошукавая сістэма, некалькі дзяржаўных месенджараў і стрымінг-платформ.
Іран быў другой краінай на Блізкім Усходзе (пасля Ізраіля), дзе з'явіўся інтэрнэт. У пачатку нулявых гадоў інтэрнэт быў крыніцай свабоднай інфармацыі і зносін — сярод іранцаў былі асабліва папулярныя розныя анлайн-блогі, якія замяшчалі падцэнзурную прэсу. Усё змянілася з прыходам кансерватыўнага прэзідэнта Махмуда Ахмадзінежада, які з 2006 года стаў ўводзіць блакіроўкі і патрабаваць, каб іранскія сайты і блогі атрымлівалі дзяржаўную рэгістрацыю.
Пры ім жа пачалася распрацоўка «Нацыянальнай інфармацыйнай сеткі», суверэннага інтэрнэту накшталт «вялікага кітайскага фаервола», які рэгулюе вэб-трафік унутры краіны і абмяжоўвае знешнія платформы.
Ідэя ўласнага іранскага інтэрнэту простая: у перыяды нестабільнасці ён дазваляў бы ўладам адрэзаць звычайных іранцаў ад свету і адно ад аднаго, а ўрад і эканоміка Ісламскай рэспублікі маглі б працягваць функцыянаваць ва ўласнай, паралельнай сетцы. Да ідэі стварэння такой сеткі падштурхнулі і жорсткія міжнародныя санкцыі — Іран зразумеў, што яму давядзецца самому забяспечваць сябе тэхналогіямі.
Цяпер іранскі інтэрнэт уяўляе сабой асобную сістэму, якая ўвесь час фільтруе трафік і блакуе доступ да некаторых рэсурсаў, у тым ліку заходніх сацыяльных сетак, навінавых сайтаў і спосабаў абыходу блакіровак. Такім чынам, у Іране існуюць базавы жорсткі фільтр і кантроль над інтэрнэтам.
А падчас беспарадкаў улады маюць магчымасць хутка і сінхронна адключаць наогул увесь інтэрнэт, захоўваючы пры гэтым працу асобных сэрвісаў праз «Нацыянальную сетку».
Гэтая тэхналогія прадэманстравала сваю працу ў 2019 годзе, калі на хвалі пратэстаў з-за павышэння цэн на паліва ўлады Ірана змаглі за 24 гадзіны цалкам заблакаваць інтэрнэт. Яны загадалі правайдарам адключыць перадачу даных і падключыцца да «Нацыянальнай сеткі» — так доступ у інтэрнэт быў заблакаваны, але пры гэтым урадавыя рэсурсы, банкі і іншыя ўнутраныя сэрвісы заставаліся працоўнымі.
«Нацыянальная сетка» — гэта своеасаблівы ўнутраны інтэрнэт, падключаны да сусветнага. У яго ўваходзяць і дзяржаўныя, і камерцыйныя сэрвісы Ірана. Гэтая сетка кантралюе дамен.ir, і калі іранцы падключаюцца да інтэрнэту, яны аўтаматычна падключаюцца да яе. А мясцовыя карпарацыі абавязаныя выкарыстоўваць толькі іранскія цэнтры апрацоўкі даных і рэгістраваць свае IP-адрасы.
У 2019 годзе шатдаўн доўжыўся тыдзень, і ўзровень трафіку з краіны ў першыя дні адключэнняў упаў да 5%. Улады заявілі, што адключэнне інтэрнэту было патрэбнае, каб перашкодзіць каардынацыі пратэстоўцаў і «распаўсюджванню ілжывай інфармацыі». Тады Іран паказаў, што яго тэхналагічны кантроль над інтэрнэтам у краіне выйшаў на новы ўзровень.
Расія дапамагае Ірану ствараць архітэктуру такога сеткавага кантролю, піша Foreign Policy. Выданне адзначае, што ў Ірана і Расіі падобны погляд на гэтую сферу: інтэрнэт — гэта працяг паўнамоцтваў дзяржаўнай бяспекі. Унікальнасць такога падыходу ў тым, што гэта не проста абмежаванні і блакіроўкі ў інтэрнэце, а гнуткая і кіраваная сістэма. Улады могуць фрагментаваць доступ у інтэрнэт геаграфічна і нават для асобных катэгорый грамадзян, захоўваючы пры гэтым функцыянуючыя сеткі ў эканамічнай і адміністрацыйнай сферах, піша выданне.
«Інтэрнэт у Іране — нават калі ён працуе і даступны — не з'яўляецца свабодным інтэрнэтам, — расказвае карэспандэнтка Персідскай службы Бі-бі-сі Ганчэ Хабібіязад. — Людзі ўсё роўна выкарыстоўваюць VPN, каб атрымаць доступ да інстаграма, фэйсбука і іншых платформаў».
Як Іран жыве тыдзень без інтэрнэту?
Цяперашнія абмежаванні выглядаюць яшчэ больш жорсткімі, чым першы шатдаўн 2019 года. Людзі пазбавіліся не толькі доступу ў інтэрнэт, але і мабільнай сувязі. Нават мясцовыя чыноўнікі і журналісты, якім выдаваліся так званыя белыя SIM-карты з бесперашкодным доступам у сетку, апынуліся адрэзаныя ад інтэрнэту. А ў пачатку блакіроўкі без сувязі засталося нават міністэрства замежных спраў, піша Financial Times.
«У 2022 годзе і падчас 12‑дзённай вайны з Ізраілем у 2025 годзе ў нас таксама былі адключэнні інтэрнэту. Але цяпер — самае жорсткае абмежаванне, якое было. Злучэнне цалкам разарвана», — расказвае Ганчэ Хабібіязад.
Інтэрнэт у Іране цалкам адключылі 8 студзеня — да таго часу ў краіне ўжо 10 дзён ішлі антыўрадавыя пратэсты з-за пагаршэння эканамічнай сітуацыі. Нягледзячы на першапачатковы скептыцызм, пратэсныя настроі распаўсюдзіліся на розныя правінцыі ўнутры краіны і сталі масавымі. Пратэсты перараслі ў беспарадкі, і іранскія ўлады адказалі гвалтам — прынамсі пра гэта сведчаць нешматлікія фота і відэа, якія асобным іранскім актывістам удаецца перадаць у знешні свет. Узровень трафіку ў чацвер скараціўся на 90% і да гэтага часу не аднавіўся.
Толькі некаторыя іранцы цяпер маюць доступ у інтэрнэт — і шмат у чым дзякуючы доўгай падрыхтоўцы спецыяльнага лічбавага супраціву блакіроўкам.
Актывісты апошнія два гады нелегальна ўвозілі ў краіну тэрміналы спадарожнікавай сувязі Starlink, якія дазваляюць абыходзіць блакіроўкі — праз Арабскія Эміраты ці мяжу з непрызнаным Курдыстанам.
І цяпер гэта ледзь не адзіны спосаб для іранцаў заставацца на сувязі са светам і перадаваць інфармацыю аб ахвярах, якія загінулі пры падаўленні пратэстаў. Стваральнік Starlink Ілан Маск нават зрабіў для Ірана бясплатным карыстанне сваёй сеткай.
Але тыя, хто выкарыстоўвае гэтыя тэрміналы, падвяргаюць сябе небяспецы — іранскія ўлады спрабуюць адсочваць сігналы Starlink, бо з 2025 года валоданне тэрміналам прыраўноўваецца да шпіянажу на карысць Ізраіля, піша Guardian.
І мясцовыя актывісты выкарыстоўваюць розныя VPN ці proxy-сэрвісы, каб маскіраваць свой сігнал, ці фізічна перавозяць тэрміналы з месца на месца.
Таму відэа і фатаграфіі, якія дасылаюць з Ірана, цяпер маюць асаблівую каштоўнасць: людзі дзейнічаюць вельмі асцярожна і дзеляцца інфармацыяй толькі з тымі, каму давяраюць.
«Некаторыя падключаюцца праз Starlink, але такіх людзей вельмі, вельмі мала. І наяўнасць Starlink дома можа прывесці да турэмнага тэрміну да двух гадоў, таму што гэта незаконна ў Іране. Так што цяпер вельмі складана зразумець, што менавіта адбываецца. Некаторым удалося патэлефанаваць з краіны ў іншыя краіны. Але нам не ўдалося зрабіць ніводнага званка ўнутр, каб пагаварыць з блізкімі», — расказвае карэспандэнтка Персідскай службы Бі-бі-сі Ганчэ Хабібіязад.
Падчас гэтых пратэстаў іранскія ўлады таксама знайшлі спосаб глушыць сігнал Starlink — спецыяльныя мабільныя глушылкі, якія возяць па горадзе для барацьбы са спадарожнікавай сувяззю. Мяркуючы па ўсім, для гэтага выкарыстоўваюцца ваенныя тэхналогіі, якія падобныя да тых, што выкарыстоўвае Расія для барацьбы з дронамі на лініі фронту ва Украіне, паведамляе Euronews.
Для астатніх людзей, якія не падлучаныя да Starlink, працуюць толькі ўхваленыя дзяржавай унутраныя сэрвісы — уключаючы ўласныя іранскія стрымінгавыя платформы, дзе амаль няма заходняга кантэнту. «Я чула, што людзям нават складана перапісвацца паміж сабой і што яны атрымліваюць толькі паведамленні ад улад з запрашэннем прыняць удзел у праўрадавых мітынгах», — расказвае журналістка Хабібіязад.
«Мы стараемся звязвацца з людзьмі праз зашыфраваныя праграмы, стараемся казаць ім: калі ў вас ёсць Starlink, нават калі ў вас ёсць Starlink, хавайце сваё месцазнаходжанне, выкарыстоўваючы VPN», — расказвае яна пра сувязь з блізкімі.
Вельмі дарагі шатдаўн
Улады Ірана адключылі інтэрнэт, каб схаваць рэальны маштаб дзяржаўных злачынстваў і ахвяр у краіне, заявілі ў праваабарончай арганізацыі Amnesty International.
За апошнія 17 дзён пратэстаў у краіне загінулі больш за 2500 чалавек, паведамляе амерыканска-іранская арганізацыя Human Rights Activists News Agency. Самае страшнае ў цяперашняй сітуацыі — гэта тое, што ў Іране, магчыма, адбываюцца маштабныя забойствы пратэстоўцаў, і ўсё гэта — па-за полем зроку грамадскасці, піша Vox.
Відэа, якія паступаюць з Ірана, — літаральна на вагу золата, але верыфікаваць іх вельмі складана. «Мы можам сказаць, што нейкае відэа было апублікавана мінулай ноччу, але мы не ўпэўненыя, што пратэст сапраўды адбываўся мінулай ноччу, таму што ў нас вельмі мала спосабаў праверыць, што адбываецца на месцы. Мы не атрымліваем відэа з розных ракурсаў ці вялікай колькасці відэа [з адной падзеі]», — расказвае Хабібіязад.
Паводле яе слоў, цяпер нават складана зразумець, ці задушылі ў краіне пратэсты, ці яны ўсё яшчэ працягваюцца, таму што ў журналістаў няма сувязі з іранскімі правінцыямі. «Людзі скандуюць лозунгі па начах, як мне паведамілі, паўсюль пастаўлены блокпасты. Людзей правяраюць, правяраюць іх тэлефоны, іх машыны. І ў цэлым вуліцы таксама пустыя. Вельмі складана зразумець, што адбываецца ўнутры краіны, акрамя сталіцы і некаторых іншых гарадоў», — расказвае журналістка.
У панядзелак міністр замежных спраў Ірана сказаў, што ўлады краіны працуюць, каб «забяспечыць найхутчэйшае аднаўленне працы інтэрнэту», але сувязі да гэтага часу няма. Эксперты мяркуюць, што іранскія ўлады не захочуць «уключаць» інтэрнэт так хутка, і нават калі сітуацыя нармалізуецца, то інтэрнэт у краіне не будзе ранейшым, а будзе даступная толькі «нацыянальная сетка».
Іншыя эксперты адзначаюць, што Іран не зможа вечна глушыць інтэрнэт — хаця б з-за таго, што гэта занадта дорага. Адключэнне інтэрнэту ўплывае на плацежныя сістэмы, аўтэнтыфікацыю і карпаратыўныя сістэмы — якія ў сваю чаргу нясуць страты.
Па даных партала Netblocks, адзін дзень адключэння інтэрнэту ў Іране абыходзіцца прыкладна ў 37 мільёнаў даляраў. А ў Іране асабліва развітая інтэрнэт-камерцыя. Па словах Ганчэ Хабібіязад, вельмі многія іранцы вядуць уласныя бізнэсы праз інстаграм, і гэта значыць, што цяпер яны не могуць зарабляць.
Таму можна выказаць здагадку, што цяперашнія адключэнні інтэрнэту толькі негатыўна паўплываюць на эканамічную сітуацыю ў краіне, з-за якой і пачаліся цяперашнія пратэсты.
Чытайце таксама:
Пратэсты ў Іране, верагодна, ужо канчаткова задушылі
Відэа з тэгеранскага морга сведчаць пра вельмі жорсткае падаўленне пратэстаў у Іране
Трамп адмаўляе, што адмяніў удары па Іране пад нечым уплывам, і дзякуе іранскім уладам