БЕЛ Ł РУС

Сын іранскага шаха Рэза Пехлеві заклікае да далейшых пратэстаў

17.01.2026 / 10:32

Nashaniva.com

Рэза Пехлеві, сын шаха, зрынутага ў 1979 годзе, і адзін з галоўных крытыкаў цяперашняга рэжыму ў Іране, заклікаў свой народ да далейшых пратэстаў.

«Мае мужныя суайчыннікі павінны з суботы па панядзелак узняць свае галасы гневу і пратэсту, — напісаў Рэза Пехлеві на платформе X. — Свет бачыць вашу адвагу і будзе аказваць вашай нацыянальнай рэвалюцыі больш выразную і практычную падтрымку».

Тым часам цалкам магчыма, што пратэсты ў Іране поўнасцю задушаныя.

Паводле слоў жыхароў Тэгерана, праз маштаб рэпрэсій і вялікую колькасць загінулых вулічныя акцыі на гэтым тыдні амаль спыніліся, а прысутнасць сілавікоў у сталіцы стала паўсюднай, што нагадвае ўмовы ваеннага становішча.

Праваабарончая арганізацыя Hengaw, якая базуецца ў Нарвегіі, паведаміла, што з 11 студзеня ў Іране не было зафіксавана ніводнай буйной дэманстрацыі. У многіх гарадах назіраецца моцная мілітарызацыя, тысячы людзей затрыманыя, частка ўніверсітэтаў закрытая.

Паводле ацэнак ізраільскага Міністэрства абароны, на якія спасылаецца The New York Times, пратэсты рэзка пайшлі на спад пасля таго, як сілавыя структуры пачалі шырока выкарыстоўваць баявыя патроны і адключылі інтэрнэт.

Апытаныя Reuters жыхары Тэгерана пацвердзілі, што вуліцы ўжо некалькі дзён застаюцца адносна спакойнымі. 

Чытайце таксама:

Пратэсты ў Іране, верагодна, ужо канчаткова задушылі

«Ніводнага званка ўнутр». Як выглядае інтэрнэт у Іране і як краіна ўжо тыдзень жыве без яго падчас пратэстаў

Трамп адмаўляе, што адмяніў удары па Іране пад нечым уплывам, і дзякуе іранскім уладам

Каментары да артыкула