БЕЛ Ł РУС

Дэсантніка, якога прызнавалі найлепшым камандзірам узвода спецназа, асудзілі па палітычнай крыміналцы

18.01.2026 / 9:0

Nashaniva.com

У Брэсце вынеслі прысуд 29‑гадоваму Максіму Дударгу. Яшчэ нядаўна ён быў элітай войска і перамагаў у спаборніцтвах дэсантнікаў, а цяпер апынуўся за кратамі за палітыку.

Максім Дударга. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Максіму Дударгу 29 гадоў. Хлопец родам з Лунінца. Усё сваё дарослае жыццё ён прысвяціў спорту і вайсковай службе. Яшчэ ў 2015 годзе Максім бегаў марафоны і паўмарафоны ў складзе клуба «Вікторыя».

Пазней служыў у 38‑й асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе ў Брэсце. У лютым 2020 года дзяржаўныя СМІ пісалі пра яго як пра ўзорнага афіцэра: «гвардыі старшы лейтэнант Дударга стаў найлепшым камандзірам дэсантнага ўзвода сіл спецыяльных аперацый па выніках спаборніцтваў па палявой вывучцы».

Падобна, што ён даслужыўся да капітана — прынамсі так яго пазней падпісвалі ў запісных кніжках, «капітан Дударга».

Максім займаўся роварным спортам, удзельнічаў у велапрабегах клуба «ВелаБрэст» і нават падпрацоўваў кіроўцам, возячы спадарожнікаў па маршруце Мінск — Брэст — Лунінец.

Незразумела, ці працаваў Дударга у спецназе дагэтуль, ці ўжо звольніўся.

Брэсцкі абласны суд пакараў яго паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Звычайна па гэтым артыкуле цяпер судзяць па справе Гаюна.

Прысуд Дударгі дакладна невядомы, але гэта хімія з накіраваннем ці калонія.

Чытайце таксама:

Фізіка з Інстытута ядзерных праблем асудзілі за палітыку. Ён распрацоўваў мадэлі суперкалайдараў і перакладаў Ubuntu на беларускую

Што можа пагражаць тым, хто пісаў у бот «Беларускага Гаюна»? І што можна зрабіць цяпер

Былога зенітчыка з Бабруйска асудзілі за палітыку. Ён актыўны вернік-баптыст

Каментары да артыкула