Беларускія біятланісты не трапяць на Алімпіяду — нават у нейтральным статусе
Міжнародны саюз біятланістаў апублікаваў канчатковы спіс алімпійскіх квот.
Фота: biathlonworld.com
Беларускіх спартсменаў у спісе няма, а значыць яны не змогуць прыняць удзел у спаборніцтвах па біятлоне на Алімпійскіх гульнях — 2026 — нават у нейтральным статусе.
Зімовая Алімпіяда пройдзе ў Італіі (Мілан — Карціна-Д'ампеца). Пакуль алімпійскія ліцэнзіі атрымалі толькі пяць спартоўцаў беларускай зборнай — фрыстайлістка Ганна Гуськова, канькабежка Марына Зуева, гарналыжніца Марыя Шканава, фігурыстка Вікторыя Сафонава і лыжніца Ганна Каралёва.
На мінулай зімовай Алімпіядзе было 29 чалавек.
Дачка вядомага беларускага лыжніка Сяргея Далідовіча Дар'я, якая выступае за каманду бежанцаў, таксама не трапіла ў канчатковы спіс.