Падчас пратэстаў у Іране загінула як мінімум 5000 чалавек
Мінімум 5 000 чалавек загінулі падчас пратэстаў у Іране, у тым ліку каля 500 супрацоўнікаў сіл бяспекі, паведаміў ананімна іранскі чыноўнік агенцтву Reuters.
Пратэстоўцы падпалілі фатаграфію аяталы Алі Хаменеі ля будынка амбасады Ірана ў Лондане, 12 студзеня 2026 года. Фота: AP Photo/Alastair Grant
Ён таксама адзначыў, што адны з самых жорсткіх сутыкненняў і найбольшая колькасць смерцяў зафіксаваны ў курдскіх раёнах на паўночным захадзе Ірана.
Той чыноўнік абвінаваціў «тэрарыстаў і ўзброеных пагромшчыкаў» у забойстве «невінаватых іранцаў».
Нагадаем, днямі вярхоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменэі ўпершыню публічна прызнаў, што падчас масавых пратэстаў у краіне загінулі тысячы людзей. Пры гэтым ён усклаў адказнасць за падзеі на ЗША і Ізраіль, абвінаваціўшы іх у падбухторванні народных выступленняў, асобна згадаўшы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Масавыя пратэсты ў Іране пачаліся 28 снежня 2025 года. У пачатку студзеня яны дасягнулі найбольшага маштабу: масавыя выступленні ахапілі амаль усе правінцыі, мільёны людзей выйшлі на вуліцы з патрабаваннямі звяржэння рэжыму. Найбольш жорсткія сутыкненні адбыліся з 8 па 12 студзеня, калі сілы бяспекі, паводле розных ацэнак, забілі ад некалькіх тысяч да дзясяткаў тысяч чалавек.
Пасля хвалі рэпрэсій актыўнасць пратэстаў значна знізілася: у гарадах з’явіліся ўзброеныя патрулі, а інфармацыя з краіны амаль перастала паступаць. На фоне гэтых падзей ЗША разглядалі магчымасць ваеннага ўдару па Іране, аднак пазней Трамп адмовіўся ад такога кроку, заявіўшы, што атрымаў запэўненні аб спыненні масавых забойстваў.