Трохразовы ўладальнік футбольнага «Залатога мяча» кінуў працу, каб даглядаць хворую жонку
Колішні легендарны нідэрландскі форвард Марка ван Бастэн паведаміў, што сыходзіць з пасады тэлевізійнага каментатара канала Ziggo Sport. Такое рашэнне ён прыняў для таго, каб цалкам прысвяціць сябе падтрымцы і догляду жонкі Лісбет, якая сур’ёзна хварэе, паведамляе Ziggosport.nl.
Лісбет ван Бастэн (крайняя злева) і Марка ван Бастэн (крайні справа). Фота: Instagram.com / Marcovanbasten
Паводле слоў ван Бастэна, найбліжэйшыя месяцы стануць няпростымі для іх сям’і, але яны захоўваюць надзею на станоўчы вынік.
Кіраўніцтва тэлеканалу выказала словы падтрымкі Марку ван Бастэну і яго родным, адзначыўшы, што шчыра спачувае і жадае ім сіл у гэты складаны перыяд. Падрабязнасці хваробы жонкі футбаліста не раскрываюцца.
Марка ван Бастэн лічыцца адным з найлепшых футбалістаў у гісторыі. Ён выступаў за «Аякс» і «Мілан», а ў 1987, 1988 і 1992 гадах рабіўся ўладальнікам «Залатога мяча». З-за шматлікіх траўм ён завяршыў кар’еру ўжо ва ўзросце 31 года. За зборную Нідэрландаў ван Бастэн правёў 58 матчаў і забіў 24 галы.
Чытайце таксама:
Зборная Сенегала стала чэмпіёнам Афрыкі па футболе, перамогшы ў скандальным фінале
Былы расійскі легіянер «Іслачы» загінуў, выпаўшы з акна
Зборная Беларусі па футболе згуляе з Кіпрам
Футбольны арбітр Вадзім Жук: Я нарадзіўся ў Міры, але беларускай мовы ў дзяцінстве амаль не чуў