БЕЛ Ł РУС

Гістарычны маёнтак ва Ушацкім раёне набыў за бесцань расіянін

23.01.2026 / 16:58

Nashaniva.com

Гістарычны маёнтак «Малыя Дольцы», які знаходзіцца ў вёсцы Новае Жыццё Ушацкага раёна, быў прададзены на аўкцыёне за 101 рубель грамадзяніну Расіі. Таргі адбыліся 23 студзеня 2026 года на платформе Беларускай універсальнай таварнай біржы. Папярэдняя спроба продажу ў 2024 годзе не мела поспеху, бо ўдзельнікаў не знайшлося, піша «Анлайнер».

Фота: «Анлайнер»

Будынак узвялі ў пачатку ХІХ стагоддзя. Спачатку ён належаў сям’і Веранько, а пазней, у пачатку ХХ стагоддзя, перайшоў да роду Сушчынскіх. На апошнім аўкцыёне стартавая цана складала 42 рублі (адну базавую велічыню), а крок таргоў — 2,10 рубля. Для параўнання, у 2024 годзе маёнтак спрабавалі прадаць за 40 рублёў.

Паводле ўмоў продажу, пакупнік абавязаны ўзяць на сябе ахоўныя абавязкі як уласнік гісторыка-культурнай каштоўнасці. Акрамя самога будынка, яму без дадатковага аўкцыёну будзе перададзены ў арэнду і зямельны ўчастак. У маёнтку дазваляецца весці любую законную гаспадарчую дзейнасць, але пачаць яе неабходна не пазней як праз тры гады пасля заключэння дамовы куплі-продажу.

Маёнтак пабудаваны ў эклектычным стылі: фасад і вуглы ўпрыгожаныя пілястрамі, па версе сцен цягнецца карніз, а з боку парку маецца цокальны паверх. Раней першы паверх выкарыстоўваўся для пражывання, а на другім знаходзіўся летні пакой.

Першапачаткова маёнтак уключаў пяць населеных пунктаў, млын, карчму, хлебную краму і драўляную Свята-Мікалаеўскую царкву. У 1880 годзе тут было 18 двароў і амаль дзве сотні жыхароў. У пачатку ХХ стагоддзя ў гэтых сценах паставілі адну з найпершых беларускіх п’ес — «Міхалка», што лічыцца раннім узорам нацыянальнай драматургіі.

Пасля вайны ў будынку размяшчаўся інтэрнат. Пасля пажару ён некалькі гадоў стаяў пустым, але ў 1976 годзе быў адноўлены. У савецкі перыяд тут працавалі кантора калгаса, сельскі клуб, бібліятэка, а ў падвалах дзейнічала майстэрня па вырабе конскай збруі.

Клуб і бібліятэка закрыліся ў 2011 годзе, а пошта і электрасеткі — у 2013-м. Апошнія дванаццаць гадоў будынкі маёнтка не выкарыстоўваліся. У 2020 годзе яго ўнеслі ў спіс матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Чытайце таксама:

На радзіме апошняга караля Рэчы Паспалітай прадаюць будынак былой плябаніі

Пад Валожынам на продаж выставілі прыбіральню-шпакоўню. Просяць 2280 рублёў

Будынак былога кляштару ў Глыбокім зноў выставілі на аўкцыён

Гэты будынак у Баранавічах прадавалі за адну базавую, але цана на аўкцыёне скокнула да $40 тысяч

Каментары да артыкула