«Паліцы пустыя». Перакупшчыкі масава вывозяць з Польшчы ў Беларусь яйкі Kinder адной серыі
Беларусы масава шукаюць у польскіх крамах шакаладныя яйкі Kinder Joy з лімітаванай калекцыі — па серыяле «Вельмі дзіўныя справы». У Беларусі яны не прадаюцца. Попыт ужо прывёў да фарміравання асобнага сегмента рынку: перакупшчыкі і перавозчыкі гатовыя вазіць яйкі з Польшчы пад заказ. Чытачы выдання Most сцвярджаюць, што цяпер гэтую серыю стала цяжка знайсці і ў польскіх гандлёвых сетках.
Яйкі Kinder Joy, якія шукаў у продажы Аляксей. Фота: «Наша Ніва»
Яйкі з цацкамі па вядомым серыяле завозілі ў крамы Польшчы, Германіі, Італіі і некаторых іншых краін ЕС. У Беларусі яны афіцыйна не прадаюцца, але, як высветлілася, карыстаюцца попытам у дзяцей і калекцыянераў. Запыты ад тых, хто гатовы іх заказаць, масава з’яўляюцца на форумах і ў чатах.
Попыт нараджае прапанову. Баеры — тыя, хто возіць тавары пад заказ, — гатовыя прадаваць калекцыю «Вельмі дзіўныя справы» і скрынкамі, і паасобку. Цэны — 3—3,5 даляра за штуку. Для параўнання: у польскіх сеткавых крамах яшчэ нядаўна іх можна было купіць крыху даражэй за 6 злотых, або прыкладна па 1,7 даляра. Аднак на маркетплэйсах ужо з’яўляюцца прапановы па 9—14 злотых за штуку без уліку дастаўкі.
Паведамленні ў Telegram-чаце Брэст — Тэрэспаль
«Ёсць адчуванне, што гэтыя яйкі мэтанакіравана скупляюць і вывозяць»
Аляксей жыве ў Варшаве і не збіраўся станавіцца часткай «кіндар-эканомікі». Але некалькі месяцаў таму яго пляменніцы з Беларусі папрасілі перадаць «кіндары» менавіта па «Вельмі дзіўных справах».
«Тады ўсё было проста, — успамінае Аляксей. — Я зайшоў у Kaufland (сеткавую краму. — Заўв. Most), купіў каля дзесяці штук і перадаў праз знаёмых з агульнай перадачай да Новага года».
Фота: «Наша Ніва»
Нядаўна просьба паўтарылася. Аляксей зноў адправіўся ў крамы ў Варшаве і сутыкнуўся з нечаканай праблемай: патрэбных яек там проста не аказалася.
«Я прайшоўся па некалькіх сетках, зноў зазірнуў у Kaufland, дзе купляў раней. Паліцы пустыя. Канкрэтна гэтай серыі — нідзе, — кажа ён. — Прычым ёсць адчуванне, што яны зніклі не ў адной краме, а ўвогуле ўсюды».
Тады Аляксей пачаў вывучаць тэлеграм-чаты. Высветліў, што прадаўцы гатовыя сустракацца з пакупнікамі «адразу з мяжы», прадаваць паасобку або скрынкамі і нават працаваць без перадаплаты. Аляксей купляць яйкі праз чаты не стаў.
«Ствараецца ўражанне, што гэтыя яйкі мэтанакіравана скупляюць і вывозяць», — кажа мужчына. Паводле яго слоў, вазіць гатовыя і розныя серыі.
Яйкі Kinder Joy у адной з віленскіх сеткавых крам. Тут іх знайсці таксама няпроста. Фота: «Наша Ніва»
У тыктоку ролікі беларусаў, якія збіраюць калекцыю, таксама набіраюць папулярнасць. Іх аўтары дэманструюць цацкі з Kinder Joy, абмяркоўваюць канкрэтныя серыі і скардзяцца, што купіць такія «кіндары» ў беларускіх крамах немагчыма.
Чытайце таксама:
Беларус за 150 рублёў спрабуе прадаць эксклюзіўную фігурку з «Кіндара»
Цікавыя дэталі пра фінал серыяла «Вельмі дзіўныя справы»
Выходзіць фінал культавага серыяла «Вельмі дзіўныя справы». Гледачы абрынулі Netflix