У Мінску перадумалі зносіць хрушчоўкі. Рэнавацыя закране двух-трохпавярховыя дамы
У Мінску зараз выбіраюць тэрыторыі, дзе можа прайсці рэнавацыя. Як выглядае, масавага зносу хрушчовак, пра які гаварылі раней, усё ж не плануецца, паведамляюць «Мінск-Навіны».
Фота ілюстрацыйнае
Старшыня камітэта архітэктуры Мінгарвыканкама Віктар Гуцько адзначыў, што агульны стан жылых дамоў у сталіцы вельмі добры, бо ў многіх будынках своечасова зрабілі капрамонт і ўцяпленне.
Праз гэта масавага зносу жытла, у тым ліку «хрушчовак», пакуль не плануецца — яны застаюцца ў графіках звычайнага абслугоўвання. Пад рэнавацыю могуць трапіць хіба што адзінкавыя двух— ці трохпавярховыя дамы.
Асноўны ж упор гарадскія ўлады робяць на былыя прамысловыя зоны. Тэрыторыі заводаў, якія больш не працуюць, хочуць перарабіць пад патрэбы горада. Гэтыя пляцоўкі плануюць прапаноўваць бізнэсу, каб прыцягнуць у Мінск новыя інвестыцыі і даць землям, якія не выкарыстоўваюцца, другое жыццё.
Раней міністр архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Студнеў называў лічбы адносна стану «хрушчовак» у краіне. Па яго словах, у Беларусі налічваецца больш за дзве з паловай тысячы такіх дамоў, большасць з якіх — панэльныя. Толькі ў Мінску знаходзіцца каля 900 панэльных будынкаў, узведзеных паміж 1955 і 1975 гадамі. Тэрмін іх службы, які па нормах складае 25 гадоў, ужо даўно скончыўся.
Менавіта таму пытанне абнаўлення жылога фонду стала адной з ключавых задач дзяржаўнай праграмы будаўніцтва на 2026—2030 гады.
Чытайце таксама:
У Мінску амаль тысяча хрушчовак — імі хутка зоймуцца
Аднапакаёўкі ў Мінску практычна дагналі па цане двухпакаёўкі
У Мінску склалі рэйтынг самых дарагіх і танных вуліц. Розніца ў цане значная
У Мінску будуць захоўваць малапавярховую забудову і працаваць над яе рэнавацыяй
Рэнавацыя не па-расійску: хрушчоўкі ў Мінску зносіць не плануюць