IT-кампанія з беларускімі каранямі ўвайшла ў топ-3 найлепшых тэсціроўшчыкаў свету
У тройку найлепшых у свеце кампаній, якія займаюцца тэсціраваннем праграмнага забеспячэння, увайшла кампанія з беларускімі каранямі A1QA. Спіс лідараў гэтага даволі сур'ёзнага сегмента ў сусветнай IT-індустрыі ў студзені прадставіла рэйтынгавая платформа GoodFirms, піша Thinktanks.pro.
Як адзначаецца аўтарамі рэйтынгу, A1QA — гэта «вопытная кампанія, якая рэалізавала больш за 1500 праектаў для кліентаў з 39 краін».
У штаце A1QA, заснаванай у 2003 годзе ў Мінску беларускім бізнэсменам Сяргеем Гвардзейцавым, занята звыш 1100 чалавек. Штаб-кватэра A1QA знаходзіцца ў амерыканскім горадзе Дэкейтэр у штаце Джорджыя. На афіцыйным сайце пазначаны таксама прадстаўнічы офіс у Лондане і 4 цэнтры распрацоўкі ў Польшчы, Грузіі, Бангладэш і Мексіцы.
У мінулым годзе Сяргей Гвардзейцаў таксама адкрыў агульны цэнтр распрацоўкі A1QA і свайго асноўнага бізнэсу Itransition у індыйскім горадзе Нойда.
Захаваўся офіс гэтага бізнэсу і ў Мінску. Але ён ужо не працуе пад брэндам A1QA і нават змяніў назву юрыдычнай асобы. Калі раней гэта была кампанія «Тэхналогіі якасці», то цяпер — «Траекторыя якасці».
Наперадзе A1QA ў топе сусветных тэсціроўшчыкаў апынуліся дзве амерыканскія фірмы: QA Mentor і Qualitest Group. Але A1QA вышэйшая за ўсе шматлікія індыйскія фірмы ў гэтай галіне.
Топ-10 найлепшых сусветных кампаній-тэсціроўшчыкаў выглядае так:
- QA Mentor, ЗША;
- Qualitest Group, ЗША;
- A1QA, ЗША;
- Packetlabs, ЗША;
- Testmatick, ЗША;
- BetterQA, Румынія;
- LambdaTest, ЗША;
- BugRaptors, Індыя;
- hikeQA, Індыя;
- UTOR — QA services and Software Testing company, Эстонія.
16‑е месца ў гэтым спісе GoodFirms заняла яшчэ адна кампанія з беларускімі каранямі і ўладальнікамі. Гэта — тэсціроўшчык XB Software, цэнтр распрацоўкі якога размешчаны ў Варшаве.
Чытайце таксама:
Як дэградуюць беларускія гарады, якія нядаўна былі лакальнымі драйверамі
35‑гадовую айцішніцу з Брэста асудзілі за палітыку. Хутчэй за ўсё, па справе Гаюна
Адзіночка стварыў гульню па гісторыі Зельцара: шмат гвалту і трупы рэальных сілавікоў
«Дзень, якога многія чакалі». Заснавальнік EPAM адрэагаваў на вызваленне 123‑х палітвязняў