На Сіцыліі пасля шторму цэлы горад апынуўся на краі прорвы
Мястэчка Нішэмі на Сіцыліі апынулася на мяжы знікнення праз апоўзень зямлі. Мэр горада Масіміліяна Конці назваў сітуацыю «крытычнай» пасля моцнага шторму, які выклікаў маштабны абвал часткі пагорка, пакінуўшы жылыя дамы літаральна над прорвай, паведамляе The Guardian.
Скрыншот з відэа
З нядзелі апоўзень распаўсюдзіўся на фронт прыкладна 4 кіламетры. З дамоў ужо эвакуявалі каля 1,5 тысячы чалавек. Рызыка пашырэння апоўзня захоўваецца, і ўлады ўжо баяцца за гістарычны цэнтр горада. Мэр папрасіў жыхароў за межамі агароджаных зон заставацца дома. Па яго словах, сярод людзей пацярпелых няма, але шмат дамоў атрымалі сур’ёзныя пашкоджанні.
На фотаздымках і відэа бачныя дамы на мяжы абвалу. Кіраўнік службы грамадзянскай абароны Сіцыліі Сальваторэ Качына папярэдзіў, што ўсе будынкі ў радыусе 50—70 метраў абавязкова абрынуцца. У Нішэмі закрытыя школы, дарогу да прыбярэжнага паселішча Джэла перакрылі. Частка эвакуяваных жыве ў сваякоў, сотні людзей праводзяць ночы ў мясцовым спартыўным комплексе.
Мэр адзначыў, што жыхары напалоханыя: толькі ў аўторак адбылося прасяданне апоўзня яшчэ на 10 метраў.
«З паветра было страшна бачыць, як наш Нішэмі літаральна развальваецца. Сітуацыя крытычная: зямля працягвае рухацца, а дажджы ўскладняюць як ратавальныя работы, так і тэхнічныя абследаванні», — падкрэсліў Конці.
Асобную заклапочанасць выклікае рызыка поўнай ізаляцыі горада. Сітуацыя кантралюецца 24 гадзіны на суткі, бо можа змяніцца ў любы момант.
Італьянскі ўрад увёў надзвычайны стан у паўднёвых рэгіёнах, пацярпелых ад цыклону «Гары». Моцны шторм прынёс дажджы і хвалі да 9 метраў, зруйнаваў дарогі, берагавыя ўмацаванні і курортную інфраструктуру ў Сіцыліі, Калабрыі і на Сардыніі. Агульныя страты ацэньваюцца ў больш за 1 мільярд еўра. Першапачаткова ўрад выдзеліў 100 мільёнаў еўра на неадкладныя патрэбы. Міністр грамадзянскай абароны Нела Мусумечы паведаміў, што будзе прынята асобнае міжведамаснае рашэнне для аднаўлення пашкоджанай інфраструктуры.
Толькі на Сіцыліі страты складаюць каля 740 мільёнаў еўра, аднак кіраўнік рэгіёну Рэната Скіфані папярэдзіў, што канчатковая сума можа быць удвая большай.
Чытайце таксама:
Магутная бура абрынулася на ЗША
Адкуль бяруцца назвы цыклонаў? І чаму менавіта «Улі»?
Як жывуць людзі ў самай халоднай вёсцы планеты — там бывае мінус 71°C
Трапічныя цыклоны загубілі ў Паўднёва-Усходняй Азіі больш за 1200 чалавек