БЕЛ Ł РУС

У казінай фермы ў Буда-Кашалёўскім раёне ўзніклі вялікія праблемы. Сотні жывёл могуць загінуць

29.01.2026 / 21:17

Nashaniva.com

Кіраўніца сельскагаспадарчага прадпрыемства «Вахавяк» Людміла Гулянкова звярнулася да журналістаў выдання «Моцныя навіны» з просьбай аб дапамозе. Ферма ў вёсцы Сінічына Буда-Кашалёўскага раёна можа спыніць працу, а тады каля 400 коз, у тым ліку котныя і зусім маленькія, могуць загінуць.

Як тлумачыць жанчына, раней на гэтым месцы паспяхова працаваў свінакомплекс на 14 тысяч галоў. Але ў 2022 годзе прыйшла свіная чума, і ўсіх жывёл знішчылі — частку давялося забіваць і закопваць проста на месцы. Страхавых выплат гаспадарка не атрымала. Пасля гэтага частка заснавальнікаў выйшла з бізнэсу, а тыя, хто застаўся, вырашылі пачаць усё з нуля і заняцца развядзеннем коз.

Як тлумачыць Людміла, мэтай было не толькі зарабляць, але і наладзіць вытворчасць карыснага казінага малака, асабліва патрэбнага дзецям з алергіямі. Пачыналі ўсяго з 20 коз, жывёл збіралі па ўсёй краіне, рамантавалі хлявы, шукалі работнікаў і рынкі збыту.

Тры гады прадпрыемства працавала з вялікімі стратамі, брала крэдыты і літаральна выжывала. І толькі калі гаспадарка нарэшце выйшла «ў нуль», павялічыла статак і аб’ёмы малака, узніклі новыя праблемы.

Падатковая служба арыштавала рахункі і выставіла доўг у памеры 312 тысяч рублёў без уліку пені. Прычына — бухгалтарская памылка: продаж часткі будынкаў былымі заснавальнікамі аформілі не так, і гаспадарку заднім чыслом пазбавілі права на сельгаспадаткі. Хоць на працягу двух гадоў дэкларацыі прымаліся без заўваг.

Юрысты сцвярджаюць, што па бухгалтарскіх правілах усё зроблена правільна, але падатковыя органы настойваюць на штрафе.

Акрамя таго, райвыканкам паведаміў, што адрамантаваныя хлявы забіраюць назад, нягледзячы на тое, што прадпрыемства 17 гадоў выконвала ўмовы, пасля якіх будынкі мусілі перайсці ў яго ўласнасць. Арэнду прапанавалі падоўжыць, але па цане, непад’ёмнай для фермы.

Людміла кажа, што звярталася ў розныя інстанцыі, але ўсюды чула адно і тое ж: маўляў, вы прыватнікі, дапамагчы няма як.

Цяпер у прадпрыемства праблемы і з продажам малака, і з выплатай заробкаў — рахункі заблакаваныя, людзі звальняюцца. Закрыць ферму — значыць асудзіць коз на гібель, бо мясакамбінаты коз не прымаюць. Тым часам статак хутка вырасце да 500 галоў.

Кіраўніца спадзяецца, што агалоска ў СМІ дапаможа знайсці выйсце з сітуацыі, бо іншым чынам застанецца толькі назіраць, як гінуць жывёлы і развальваецца справа, у якую ўкладзеныя гады працы.

Чытайце таксама:

«Маладыя, не п'юць — добры прыклад». На фермы ў Лідскім раёне прыехалі працаваць мігранты з Эфіопіі

Як беларус ператварыў старую школу ў ферму крэветак

Беларускія сыравары просяць дапамагчы ім выкупіць ферму ў Польшчы. Раней яны трымалі кароў і коз пад Браславам

«За ноч мы страцілі ўсё». Трагедыя знішчыла 17 гадоў працы фермераў — згарэлі каровы з цялятамі

Каментары да артыкула