Лукашэнка паабяцаў дапамагчы прэзідэнту Бразіліі з пераабраннем. Хай той толькі папросіць
Аляксандр Лукашэнка выказаў падтрымку 80‑гадоваму прэзідэнту Бразіліі Луісу Інасіу Лулу да Сілву і запэўніў, што ў выпадку неабходнасці можа яму дапамагчы. Ён сказаў гэта падчас сустрэчы з паслом Бразіліі ў Беларусі Бернардо Клінглам.
Луіс Інасіу Лула да Сілва ў гасцях ва Уладзіміра Пуціна ў Маскве 8 мая 2025 года, падчас святкавання 80‑годдзя «вялікай Перамогі». У кадры бачныя галава і частка спіны Пуціна. Фота: Sergei Bobylev/Photo host agency RIA Novosti via AP
Падчас размовы Лукашэнка адзначыў, што для Бразіліі набліжаецца складаны перадвыбарчы перыяд, і Мінск спадзяецца, што цяперашні прэзідэнт захавае сваю пасаду. З яго слоў, ён ведае пра тое, што Лула да Сілва пацвердзіў свой удзел у сёлетніх выбарах.
Больш таго, Лукашэнка пры патрэбе гатовы нават дапамагчы, каб выбары ў найбуйнейшай паўднёваамерыканскай краіне правялі як належыць:
«Мы ўсяляк будзем спрыяць таму, калі гэта трэба для Бразіліі, каб выбары прайшлі ў спакойнай і мірнай абстаноўцы ў інтарэсах бразільскага народа. Калі гэта трэба будзе», — заявіў ён.
Луісу Інасіу Лула да Сілва кіруе Бразіліяй з 1 студзеня 2023 года, а прэзідэнт там абіраецца, па прыкладзе ЗША, на 4 гады. Для яго гэта ўжо трэці тэрмін, але не запар — раней Лула да Сілва быў прэзідэнтам Бразіліі ў 2003‑2011 гадах. Бразільская канстытуцыя забараняе займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны запар, але з перапынкам дазваляе.
Лула да Сілва ў бразільскай палітыцы прадстаўляе левы палітычны спектр, ён лідар Партыі працоўных. Яго моцна не любіць прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, які ў ліпені ўвёў супраць Бразіліі 50% мытныя тарыфы. Падчас бразільскіх выбараў амерыканскі лідар яўна будзе падтрымліваць кандыдата з правага палітычнага лагера, прыхільніка папярэдняга прэзідэнта Жаіра Балсанару, якога часта называюць «бразільскім Трампам». Апошні цяпер адбывае прысуджаны яму 27‑гадовы турэмны тэрмін за спробу дзяржаўнага перавароту пасля папярэдніх, няўдалых для яго выбараў 2022 года.
Лула да Сілва ў прамежку паміж сваімі прэзідэнцкімі тэрмінамі, дарэчы, таксама зазнаваў крымінальны пераслед. 12 ліпеня 2017 года яго судзілі паводле справы аб карупцыі і адмыванні грошай, і ён быў асуджаны да 9 з паловай гадоў турмы. У лістападзе 2019 года, аднак, ён выйшаў на свабоду, а ў сакавіку 2021 года Федэральны вярхоўны суд Бразіліі адмяніў усе абвінавачванні на ягоны адрас.
Чытайце таксама:
У Бразіліі маланка ўдарыла па натоўпе прыхільнікаў Жаіра Балсанару ВІДЭА
Былы прэзідэнт Бразіліі Балсанару асуджаны на 27 гадоў турмы за падрыхтоўку ваеннага перавароту