БЕЛ Ł РУС

Беларускія навукоўцы аднавілі аблічча шахцёра, які жыў 4,5 тысячы гадоў таму

4.02.2026 / 16:55

Nashaniva.com

Беларускія навукоўцы аднавілі знешні выгляд шахцёра, які жыў на тэрыторыі сучаснай Беларусі каля 4,5 тысячы гадоў таму. Гэтая праца стала часткай маштабнага даследчага праекта «Насельніцтва Беларусі. Альбом у тварах — погляд у мінулае», прэзентацыя якога адбылася ў Мінску, піша БелТА.

Выданне падрыхтавалі спецыялісты Інстытута гісторыі НАН Беларусі сумесна з навукоўцамі Інстытута этналогіі і антрапалогіі Расійскай акадэміі навук. Кніга прысвечаная антрапалагічнаму вывучэнню насельніцтва беларускіх земляў і змяшчае шырокі навуковы і ілюстрацыйны матэрыял.

Паводле слоў дырэктара Інстытута гісторыі Вадзіма Лакізы, асновай даследавання сталі археалагічныя знаходкі, у першую чаргу пахавальныя комплексы. Касцяныя рэшткі і чэрапы дазваляюць з дапамогай сучасных метадаў аднавіць, як выглядалі людзі ад каменнага веку да позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу. У кнізе паказаны рэканструяваныя вобразы 26 чалавек з 23 археалагічных помнікаў па ўсёй краіне.

Адным з найбольш унікальных прыкладаў стаў старажытны шахцёр з Краснасельскіх крэмнездабыўных шахтаў у цяперашнім Ваўкавыскім раёне. Раней ужо існаваў яго скульптурны бюст, але цяпер, дзякуючы новым навуковым даным, знешнасць была ўдакладненая і дапоўненая. Гэты вобраз плануюць выкарыстоўваць у музеіфікацыі археалагічнага комплексу.

Акрамя таго, навукоўцы аднавілі аблічча жыхароў розных рэгіёнаў і эпох: селяніна з Палесся, жанчыны з паселішча на рацэ Менка, жыхароў верхняга цячэння Бярэзіны, а таксама жанчыны з сярэднявечнай вёскі ў Дзятлаўскім раёне. Там быў знойдзены могільнік XIII—XIV стагоддзяў з добра захаванымі касцянымі парэшткамі.

Даследаванні праводзіліся і на хрысціянскіх могілках у Бялынічах, якія дзейнічалі з канца XVI да XIX стагоддзя. У выніку атрымалася аднавіць не толькі знешнасць мужчын і жанчын, але і прыкладны выгляд іх адзення. Таксама былі рэканструяваныя вобразы людзей, што жылі калісьці ў Нясвіжы.

Праект аб’яднаў археалогію, антрапалогію, генетыку, радыевугляроднае датаванне, лічбавыя тэхналогіі і элементы штучнага інтэлекту, а таксама працу мастакоў і скульптараў. Ужо вядзецца падрыхтоўка да перавыдання кнігі і стварэння асобных навукова-папулярных выданняў, прысвечаных насельніцтву розных рэгіёнаў Беларусі.

Чытайце таксама:

Беларускія навукоўцы аднавілі аблічча дзяўчыны, якая жыла пад Мінскам 500 гадоў таму. Вось як яна выглядала

Чым генетычна адрозніваюцца беларусы і літоўцы: новыя даныя

У Беларусі раней раслі дубы-гіганты. Каб іх аднавіць, даследуюць ДНК

Каментары да артыкула