БЕЛ Ł РУС

Лідары Латвіі і Эстоніі заклікалі рыхтавацца да прамых перамоў з Расіяй

4.02.2026 / 17:40

Nashaniva.com

Прэм’ер-міністарка Латвіі Эвіка Сіліня і прэзідэнт Эстоніі Алар Карыс заклікаюць прызначыць спецыяльнага еўрапейскага пасланніка для аднаўлення дыпламатычных кантактаў з Масквой. На іх думку, Еўрапейскі саюз павінен мець магчымасць весці перамовы з Расіяй у кантэксце мірнага рэгулявання вайны ва Украіне і мець свой голас побач з Вашынгтонам і Кіевам, піша Euronews.

Эвіка Сіліня і Алар Карыс. Фота: Associated Press

Раней прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон адзначаў, што праца па прызначэнні спецапасланніка ўжо пачалася на «тэхнічным узроўні», і гэтую ідэю падтрымала прэм’ерка Італіі Джорджа Мелоні. Ідэя ўзнікла яшчэ летам мінулага года, але тады большасць еўрапейскіх лідараў палічылі яе недарэчнай.

Эвіка Сіліня падкрэсліла, што перамовы з Расіяй павінны адбывацца толькі пасля кансультацый з Украінай і што абраны пасланнік павінен быць кансэнсуснай фігурай. Яна назвала магчымымі прадстаўнікамі ад Еўропы лідараў Францыі, Германіі, Польшчы і Вялікабрытаніі, але адзначыла, што канчатковы выбар яшчэ трэба зрабіць.

Прэзідэнт Эстоніі Карыс не назваў канкрэтных імёнаў, але адзначыў, што пасланнік павінен быць прадстаўніком буйной еўрапейскай дзяржавы і мець аўтарытэт у абодвух бакоў. Ён таксама падкрэсліў, што ЕС павінен актыўна ўдзельнічаць у дыскусіях і мець права голасу, бо еўрапейскія краіны падтрымліваюць Украіну ўжо некалькі гадоў.

У той жа час урадавыя структуры Эстоніі папярэдзілі, што аднаўляць адносіны з Расіяй нельга, пакуль Масква не зменіць сваіх дзеянняў і мэтаў агрэсіі. Германія таксама выступае супраць прамых перамоў, спасылаючыся на «максімалісцкія патрабаванні» Пуціна і працяглыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў.

Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў пацвердзіў, што Расія і Францыя ўзаемадзейнічаюць на працоўным узроўні, але асаблівых вынікаў пакуль няма, як і кантактаў на вышэйшым узроўні.

Чытайце таксама:

Вялікабрытанія адхіліла прапанову Францыі і Італіі пачаць перамовы з Пуціным

У Германіі затрымалі дэпутата ад АдГ, на палях якога пад Лідай працавалі вязні

Макрон заявіў пра тэхнічную падрыхтоўку да дыялогу з Пуціным

Мерц: Еўропа павінна навучыцца гаварыць мовай сілы

Мерц выступіў супраць накіравання міратворцаў ва Украіну пад еўрапейскім сцягам

Пяскоў: Перамовы Пуціна з Зяленскім магчымыя толькі ў Маскве

Каментары да артыкула