«Часам хочацца напіцца, каб галава круцілася». Турчын прынёс Лукашэнку на нараду бляшанку снюсу
Падчас сённяшняй нарады Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета Міністраў абмяркоўвалася пытанне ўзмацнення ліцэнзавання гандлю электроннымі сігарэтамі і іншыя праблемы, з гэтым звязаныя. Кіраўнік урада Аляксандр Турчын пад гэту нараду прынёс Лукашэнку наглядны матэрыял — бляшанку са снюсам, здробленым увільготненым тытунём.
Паміж Лукашэнкам і Турчыным з гэтай нагоды адбыўся такі дыялог:
«Лукашэнка: І што, пад язык кладзеш?
Турчын: І атрымліваеш дозу нікаціну.
— То-бок галава круціцца?
— Так-так-так.
— Цікава. Часам хочацца напіцца, каб галава круцілася, і ад губернатара Гродзенскай вобласці не атрымліваць інфармацыю, што цяляты ў яго дохнуць».
Падчас гэтай размовы Лукашэнка настойліва спрабаваў адкрыць бляшанку, але ў яго нічога не атрымлівалася. Турчын прапанаваў дапамогу, але Лукашэнка яе не прыняў — маўляў, усё адно закладаць сабе сродак пад язык пакуль не збіраецца. На рэпліку ж Турчына, што сродак дапамагае супакоіцца, адрэагаваў:
«А ён супакойвае? Галоўнае, каб ты ўжо не пачаў супакойвацца гэтым».
Канкрэтна ж па тэме электронных цыгарэт Лукашэнка сказаў:
«Я наогул у курыве слаба разбіраюся, як і ў алкаголі. Таму хацелася б ад спецыялістаў, якія або кураць, або ўніклі ў гэтую тэму, каб патлумачылі, што гэта такое. Кажуць, што гэта горшае, чым тытунь. Паслухаем і прымем адпаведнае рашэнне.
Самае галоўнае — я катэгарычны праціўнік як алкаголю, так і курэння. Але курэнне — гэта жах. Ну выпіў там 100 грам… Хто не п'е? П'юць. А курыць — гробіць сваё здароўе, калі медыкі ўжо дакладна ведаюць, што рак лёгкага — першапрычына — гэта курэнне. Паспрабуем знайсці раўнавагу».
Чытайце таксама:
«Саладуха выклаў сэлфі з цэнтра сталіцы»: беларусы жартуюць пра блэкаўт па загадзе Лукашэнкі