Генерал Аляксееў, у якога сёння стралялі ў Маскве, датычны да катавання абаронцаў «Азоўсталі». Пракапенка: Справу давядзём да канца
Камандзір 1‑га корпуса «Азоў» Нацыянальнай гвардыі Украіны Дзяніс Пракапенка напісаў у фэйсбуку пра тое, як намеснік начальніка ГРУ Мінабароны Расіі Уладзімір Аляксееў, на якога сёння ў Маскве зрабілі замах, быў звязаны з асабістымі лёсамі яго самога і пабрацімаў.
Як сцвярджае Пракапенка, у маі 2022 года першы намеснік начальніка ГРУ Уладзімір Аляксееў быў старшым з прадстаўнікоў Расіі на перамовах падчас выхаду марыупальскага гарнізона з «Азоўсталі».
Генерал абяцаў азоўцам выкананне расіянамі Жэнеўскай канвенцыі аб абыходжанні з ваеннапалоннымі і гарантаваў нармальныя ўмовы ўтрымання для ўкраінскіх палонных. І менавіта яго подпіс стаяў пад адпаведным дакументам, падпісаным тады ў Марыупалі.
«Слова афіцэра, ураджэнца Вінніччыны, здрадніка сваёй Бацькаўшчыны, аказалася нічога не вартым. Рэгулярныя катаванні палонных азоўцаў, адсутнасць медыцынскай дапамогі і голад — таму пацвярджэнне. Нават калі гэтым разам Аляксееў выжыве, спакойна ён ужо не будзе спаць. І аднойчы справа будзе даведзена да канца», — напісаў Дзяніс Пракапенка.
Намесніка кіраўніка ГРУ Уладзіміра Аляксеева спрабавалі забіць сёння каля 7‑й гадзіны раніцы — у ліфтавым холе яго дома на Валакаламскай шашы. Зараз ён знаходзіцца ў бальніцы пад апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх — стан ацэньваецца як надзвычай цяжкі.
Чытайце таксама:
Па падазрэнні ў замаху на генерала Аляксеева адшукваецца мужчына
Лаўроў назваў замах на генерала Аляксеева спробай сарваць перамовы
Чалавек, які страляў у намесніка начальніка ГРУ ў Маскве, прыкінуўся дастаўшчыкам ежы