Праз КПП на беларуска-ўкраінскай мяжы ў Маларыцкім раёне штодня праходзяць дзясяткі людзей
Паводле інфармацыі выдання The Economist, аўтамабільны пункт пропуску Макраны — Даманава на мяжы Беларусі і Украіны стаў вельмі важным маршрутам для ўкраінцаў, якія вяртаюцца на радзіму. Афіцыйна гэты пераход у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці лічыцца закрытым, аднак з першых тыдняў вайны ён фактычна выкарыстоўваецца як гуманітарны калідор.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Getty Image
Праз гэты пункт ва Украіну едуць людзі з Данбаса і іншых тэрыторый, якія цяпер не кантралююцца Кіевам. Дабрацца да яго ім складана: шлях пралягае праз Расію і Беларусь і можа заняць каля трох дзён, хоць раней трапіць з Данбаса ў Кіеў можна было ўсяго за некалькі гадзін. Тым, у каго няма дзейных украінскіх дакументаў, перад перасячэннем мяжы неабходна атрымаць часовыя паперы ў консульстве Украіны ў Мінску.
Штодня праз мяжу праходзіць прыкладна 30—40 чалавек. Найчасцей гэта жанчыны, дзеці і пажылыя людзі, але сустракаюцца і мужчыны прызыўнога ўзросту, нягледзячы на рызыку мабілізацыі.
На ўкраінскім баку бежанцаў сустракаюць валанцёры. Пасля праверкі ім выдаюць ежу, новыя SIM-карты і фінансавую дапамогу — каля 10,8 тысячы грыўняў. Затым людзей развозяць мікрааўтобусамі да цягнікоў, аўтобусаў, бальніц або сваякоў.
Чытайце таксама:
Беларусь чакае новая хваля савецкіх людзей з Латвіі і Эстоніі