БЕЛ Ł РУС

Linava: Чым даўжэй літоўскія фуры знаходзяцца на стаянках у Беларусі, тым менш мэтазгоднае іх вяртанне

12.02.2026 / 16:35

Nashaniva.com

Прэзідэнт літоўскай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў Linava Эрландас Мікенас паведаміў, што ўлады Беларусі шукаюць спосабы афіцыйна ўзаконіць затрыманне літоўскіх грузавікоў і паўпрычэпаў у Мінску, піша LRT.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Больш за тры месяцы таму беларускі бок накіраваў літоўскія фуры на спецыяльныя стаянкі і да гэтага часу не выпускае іх. Паводле Мікенаса, уладальнікі транспартных сродкаў атрымалі лісты ад кампаніі «Белмытсэрвіс», якая знаходзіцца пад санкцыямі ЕС і кіруе гэтымі стаянкамі.

У лістах перавозчыкам прапануецца падпісаць дамовы на аплату стаянкі прамінулай датай — з сярэдзіны лістапада. Такім чынам, на думку кіраўніка Linava, беларускія структуры спрабуюць надаць законны выгляд сваім дзеянням, бо раней ніякіх дамоў не падпісвалася, а тэхніка была фактычна змешчаная на стаянкі прымусова.

Раней перавозчыкі атрымлівалі толькі рахункі за стаянку, але цяпер ім прапануюць афіцыйныя дамовы, у якіх пазначаныя сумы аплаты.

У некаторых выпадках гэтыя сумы ўжо ўдвая перавышаюць кошт саміх транспартных сродкаў. Перавозчыкі адмаўляюцца падпісваць такія дамовы. Мікенас адзначае, што чым даўжэй фуры знаходзяцца на стаянках, тым менш мэтазгодным будзе іх вяртанне.

Сітуацыя моцна ўдарыла па кампаніях: частка з іх ужо не можа выплачваць падаткі ў Літве, а іх рахункі арыштоўваюцца. Асабліва цяжка тым прадпрыемствам, у якіх да 90 % аўтапарку затрымана ў Беларусі. Агульныя страты, паводле ацэнак, набліжаюцца да 100 мільёнаў еўра.

Нягледзячы на тое, што мяжа фармальна адкрытая, беларускія ўлады не выпускаюць літоўскія грузавыя аўтамабілі з краіны. За кожны грузавік або паўпрычэп налічваецца плата сумай 120 еўра на дзень, а пасля чатырох месяцаў стаянкі іх пагражаюць канфіскаваць.

Linava плануе звярнуцца па дапамогу ў Еўрапейскую камісію, каб вярнуць затрыманыя транспартныя сродкі і дамагчыся кампенсацыі страт.

Паводле апошніх даных асацыяцыі, у Мінску затрыманы 1071 транспартны сродак (575 паўпрычэпаў і 496 грузавікоў). Аднак агульная колькасць літоўскай тэхнікі, што знаходзіцца ў Беларусі, можа дасягаць каля 4 тысяч адзінак, з якіх прыкладна 1250 — гэта грузавікі.

Чытайце таксама:

«Мы цалкам разумеем, якая там дзяржава». Літоўскія перавозчыкі не збіраюцца падаваць пазовы ў беларускія суды праз затрыманыя фуры

Літоўскія перавозчыкі рыхтуюць калектыўны пазоў супраць свайго ўрада з-за захраслых у Беларусі грузавікоў

Літоўскія перавозчыкі: Літоўскія цягачы па-ранейшаму заблакаваныя на пляцоўках у Беларусі

Прэм'ерка Літвы: ЗША дапамаглі вырашыць праблему з метэазондамі

Каментары да артыкула