БЕЛ Ł РУС

У Швейцарыі правядуць рэферэндум адносна абмежавання колькасці насельніцтва

12.02.2026 / 22:14

Nashaniva.com

Швейцарыя гэтым летам правядзе рэферэндум з ініцыятывы правай Швейцарскай народнай партыі (SVP), якая прапануе абмежаваць насельніцтва краіны да 10 мільёнаў чалавек. Галасаванне прызначана на 10 чэрвеня, піша The Guardian.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: vecteezy.com

Згодна з прапановай, улады павінны будуць прыняць меры, калі пастаяннае насельніцтва, якое цяпер складае каля 9,1 мільёна чалавек, перавысіць 9,5 мільёна. Тады плануецца абмяжоўваць уезд новых мігрантаў, у тым ліку ўцекачоў і сямейнікаў іншаземцаў.

Калі ж колькасць жыхароў дасягне 10 мільёнаў і не пачне скарачацца, Швейцарыя будзе абавязаная выйсці з пагаднення аб свабодным перамяшчэнні з ЕС — сваім галоўным гандлёвым партнёрам.

За апошняе дзесяцігоддзе насельніцтва краіны расло значна хутчэй, чым у сярэднім у дзяржавах Еўрасаюза. Каля 27% жыхароў не маюць швейцарскага грамадзянства. SVP сцвярджае, што рост насельніцтва прыводзіць да падаражання жылля і перагрузкі інфраструктуры.

У той жа час ініцыятыву рашуча крытыкуюць урад, парламент і бізнэс-супольнасць. Буйныя кампаніі, такія як Roche, UBS і Nestlé, папярэджваюць, што абмежаванні могуць паставіць пад пагрозу дамоўленасці з ЕС, у тым ліку пагадненне аб доступе да адзінага рынку.

Прадстаўнікі бізнэсу заяўляюць, што многія прадпрыемствы залежаць ад работнікаў з краін ЕС, а ў выпадку жорсткіх абмежаванняў яны могуць перанесці дзейнасць кампаній за мяжу, што негатыўна адаб’ецца на эканоміцы і бюджэце.

Паводле апытання, праведзенага ў снежні, каля 48% выбарцаў гатовыя падтрымаць ініцыятыву, што сведчыць пра падзел меркаванняў у грамадстве наконт таго, наколькі адкрытай павінна заставацца краіна.

Чытайце таксама:

Грамадзяне Швейцарыі выказаліся за «трынаццатую пенсію»

«Яна была вельмі агрэсіўнай». Трамп распавёў, як пакараў Швейцарыю мытамі ў 39%

Швейцарыя замарозіла ўсе актывы Нікаласа Мадура і абяцае «вярнуць іх народу»

З'явіўся рэйтынг самых моцных і самых слабых сусветных пашпартоў. Беларускі ў сярэдзіне

Каментары да артыкула