Meta запатэнтавала ШІ, які можа весці акаўнт карыстальніка пасля смерці
Meta атрымала патэнт на тэхналогію, якая дазваляе з дапамогай вялікіх моўных мадэляў «сімуляваць» актыўнасць карыстальніка ў сацсетках — аж да публікацый і адказаў пасля яго смерці, піша Devby.io.
Фота ілюстрацыйнае
Як паведамляе Business Insider, адпаведны дакумент быў ухвалены ў канцы снежня. У ім гаворыцца, што мадэль можа выкарыстоўвацца «для сімуляцыі карыстальніка, калі ён адсутнічае ў сацыяльнай сетцы — напрыклад, калі ён бярэ працяглы перапынак альбо памёр».
Сістэма прадугледжвае стварэнне лічбавага клона на аснове персанальных звестак карыстальніка: гісторыі актыўнасці, каментароў, лайкаў, публікацый, перапіскі і іншых звестак платформы. Такі клон зможа ставіць лайкі, каментаваць пасты, адказваць на асабістыя паведамленні. У патэнце таксама згадваецца магчымасць сімуляцыі галасавых і відэазванкоў.
Асноўным аўтарам заяўкі пазначаны тэхдырэктар Meta Эндру Басварт. Патэнт быў пададзены ў 2023 годзе. У дакуменце тлумачыцца магчымая логіка прадукту: калі карыстальнік перастае публікаваць кантэнт, гэта ўплывае на досвед яго падпісчыкаў. Прасцей кажучы, яны будуць сумаваць. У выпадку смерці «ўплыў на іншых карыстальнікаў нашмат больш сур’ёзны і працяглы».
У кампаніі заявілі, што не плануюць укараняць нешта канкрэтнае.
«Мы падаём патэнты, каб раскрываць канцэпцыі, але гэта не азначае, што кампанія абавязкова будзе распрацоўваць або ўкараняць такія рашэнні», — паведаміў прадстаўнік Meta.
Рынак «тэхналогій жалобы»
Meta не першая кампанія, якая працуе ў гэтым напрамку. Раней Microsoft патэнтавала чат-бот, здольны імітаваць памерлага чалавека. На рынку ўжо ёсць стартапы, якія ствараюць так званыя death bots ці grief tech — лічбавыя версіі людзей для захавання памяці пра іх.
Прафесар права Бірмінгемскага ўніверсітэта Эдына Харбінья, якая спецыялізуецца на лічбавых правах і пасмяротнай прыватнасці, адзначае, што такія тэхналогіі закранаюць не толькі юрыдычныя, але і «вельмі важныя сацыяльныя, этычныя і глыбока філасофскія пытанні».
Сацыёлаг з Універсітэта Вірджыніі Джозэф Дэвіс лічыць, што падобныя інструменты могуць уплываць на працэс перажывання страты.
«Адна з задач жалобы — прыняць рэальную страту. Няхай мёртвыя застаюцца мёртвымі. Ідэя вярнуць іх — хаця насамрэч гэта не так — стварае збянтэжанасць», — сказаў ён.
Эксперты таксама звяртаюць увагу на магчымую бізнэс-матывацыю: падобныя інструменты азначаюць больш уцягнутасці, больш кантэнту і больш даных для навучання ШІ.
Чытайце таксама:
Топ-менеджарку OpenAI звольнілі за сэксуальную дыскрымінацыю супрацоўніка-мужчыны
Эксперымент наглядна паказаў, як лёгка надурыць чалавека праз штучны інтэлект
Канец эпохі цалкам бясплатнага ШІ? У ChatGPT з'яўляецца рэклама, і вось як яна будзе выглядаць