БЕЛ Ł РУС

Мінчук абурыўся выглядам наведвальнікаў рэстарана: 90% у джынсах, спартыўках. Толькі два столікі ў сукенках і касцюмах

17.02.2026 / 17:37

Максім Сыраежка

У каментарах яму адказалі.

Ілюстрацыйны здымак: lookby.media

Мінскі ілюзіяніст Дзяніс Ляшкоў у сацсетцы Threads выказаў сваё здзіўленне дрэс-кодам гасцей аднаго з сталічных рэстаранаў. Мужчына задаўся пытаннем, ці нармальна прыходзіць у спартыўным адзенні.

«Сёння хадзілі з жонкай у рэстаран (даволі добры ў Мінску) і былі ў шоку ад гасцей. 90% у джынсах, спартыўках, байкавых касцюмах. Апроч нас, толькі 2 столікі былі ў сукенках і касцюмах. Гэта я старамодны ці людзі перасталі праяўляць павагу да ўстановы?» — напісаў беларус.

Допіс выклікаў дыскусію. Самы папулярны каментарый (больш за 1200 лайкаў) пакінула дзяўчына, якая па пунктах пералічыла тое, што менавіта яна лічыць праяваю павагі да рэстарана. Сярод іх:

«1. Не гарлапаніць. 2. Не глядзець відэа на тэлефоне з гукам. 3. Не панібрацтваваць і не «тыкаць» персаналу. 4. Не кідацца ежай. 5. Не ламаць зубачысткі і не рваць сурвэткі. 6. Быць ветлівым з гасцямі і персаналам. 7. Аплаціць рахунак. 8. Даць аб'ектыўную зваротную сувязь афіцыянту, калі ён пра яе спытаў. 9. Пакінуць чаявыя (апцыянальна)».

«Быць франтам і ўражваць усіх сваім сурдутам у спіс не ўваходзіць», — рэзюмавала аўтарка.

«А навошта сукенка і касцюм на проста вячэру?»

Яшчэ адзін папулярны адказ, які сабраў звыш пяцісот лайкаў, тычыўся мэтазгоднасці святочнага ўбору:

«Калі гэта не мерапрыемства, а звычайная вячэра/абед у рэстаране, то цалкам нармальна прыйсці ў джынсах, байцы. Я наадварот не разумею людзей, якія надзяваюць «усё найлепшае», каб проста схадзіць паесці».

У каментарах таксама прывялі прыклад еўрапейскіх устаноў, дзе стаўленне да адзення даволі простае:

«Былі з мужам у адным вядомым рэстаране Капенгагена, дзе столікі бранююцца вельмі загадзя і строга па часавых слотах. 90% у джынсах, спартыўках, байкавых касцюмах. Людзі прыйшлі атрымаць задавальненне ад ежы і адпачыць, а не паўдзельнічаць у кірмашы фанабэрыі».

Іншы карыстальнік патлумачыў змены ў грамадстве павагай да ўласнага камфорту:

«Нарэшце людзі пачалі праяўляць павагу да сябе і есці ў тым, у чым ім зручна, а не выціскаць з сябе немаведама што. Меркавалася, што ў рэстаран хадзілі людзі вышэйшага свету, якія апраналіся ў вячэрнія сукенкі і касцюмы, «выгульваючы» новыя камільфо і паказваючы статус адзін аднаму. Але яны і дома хадзілі пры парадзе. Цяпер гэтага не патрабуецца. Я дзіўлюся, чаму вы не на карэце з фурманам прыехалі, вось гэта сапраўды не камільфо!»

Частка чытачоў адрэагавала больш рэзка, адзначыўшы, што ўвогуле не разумее такой праблемы.

«Даражэнькі вы наш. Я іду ў рэстаран, каб пажэрці і добра правесці час з суразмоўцам. На іншых людзей і дрэс-код мне пох*й. А вось у вас, відаць, занадта сумнае жыццё і нецікавы суразмоўца, раз вы сядзелі і разглядалі іншых людзей», — у агрэсіўным тоне напісаў нехта.

Іншая жанчына таксама не падтрымала Дзяніса:

«Вы пайшлі ў рэстаран, каб абмеркаваць знешні выгляд гасцей ці проста добра правесці час удвох? Без крыўд — нібыта малады чалавек, а зудзіце, як бабка на лавачцы».

Іншыя больш стрымана заўважылі: «У рэстаран людзі прыходзяць вячэраць. Там хіба быў дрэс-код?»

«Гэта пра культурны зрух».

Праўда, знайшліся і тыя, хто падтрымаў пазіцыю маладога чалавека:

«Цікавае пытанне. Гэта не пра адзенне. Гэта пра культурны зрух. Што раней лічылася нормай? У 90‑я і 2000‑я рэстаран = падзея. Амаль як маленькае вяселле. Надзяваў касцюм, жонка — сукенку, настрой «выхад у свет». Адзенне было маркерам павагі: да месца, да людзей вакол, да самой падзеі».

З ім пагадзіўся яшчэ адзін карыстальнік: «У людзей зніклі эстэтыка і густ. Вы тут пра павагу да ўстановы сказалі, але прыстойны выгляд — гэта, перш за ўсё, павага да сябе».

Яшчэ адна жанчына падзялілася ўласным назіраннем:

«Так, я таксама ў шоку. Ездзілі ў рэстаран на сняданак, дык я думала, што кіно пра 90‑я здымаюць. Усе ў спартыўных касцюмах, ланцугі вісяць. Жанчына ва ўзросце ў трэніровачных легінсах. І гэта харошы рэстаран, а не кафэ».

«Можа, хопіць двайных стандартаў?»

Пазней аўтар допіса падзяліўся сваімі ўражаннямі ад рэакцыі на яго заўвагу:

«У апошнім пасце чытаю лозунгі дзяўчат: «Хаджу ў чым хачу», «Мне павінна быць зручна», «Убірацца ва ўстанову — гэта старамодна». І ведаеце што?

Згодны. Нахрана касцюмы, сукенкі, абцасы, праўда. Давайце ўсе хадзіць у зручным. Ты прыходзіш на сустрэчу ў расцягнутым спартыўным касцюме, бо табе «камфортна». Я прыходжу ў заляпанай талстоўцы і брудных красоўках, бо мне «таксама так зручна». Мы сядзім насупраць адно аднаго. Два камфортныя чалавекі. Утульненька.

А потым ты пішаш сяброўкам: «Фу, нейкі прыйшоў як бомж, іскры няма». А я пішу сябрам: «Ну, выглядае як суседка па інтэрнаце, ніякага настрою».

Дык можа, хопіць двайных стандартаў? Знешні выгляд — гэта не пра «панты». Гэта пра павагу. Да сябе і да партнёра. Гэта пра пасыл: «Я стараюся дзеля гэтага вечара». Можна, вядома, капнуць глыбей. Можа, ваш «зручны» спартыўны касцюм каштуе як мой заробак, а «нядбайны пучок» — гэта 2 гадзіны ўкладкі? Тады гэта не зручна, гэта проста дарагое прытворства».

Чытайце таксама:

У Мінску расіяне адкрываюць італьянскі рэстаран

Беларуска паказала вячэру за 1600 рублёў у новым мінскім рэстаране. У сацсетках спрачаюцца пра цэны

У Мінску адкрываецца прэміяльны рэстаран са стэйкамі за 1000 рублёў

«Цэны як у сталовай». Мінчанка паабедала ў рэстаране пяцізоркавага гатэля ў цэнтры сталіцы і была шакаваная

Каментары да артыкула