Ежа55

У Мінску адкрываецца прэміяльны рэстаран са стэйкамі за 1000 рублёў

У цэнтры залы стаяць халадзільныя камеры з мясам, а госці будуць бачыць, як відовішчна гатуюць іх стэйкі.

Фота тут і далей: «Анлайнер»

У нядаўна адкрытым люксавым гатэлі Waldorf Astoria Minsk на Янкі Купалы, 27 адкрываецца прэміяльны стэйк-хаус Mramor. Ён прэтэндуе на званне самага дарагога ў Мінску — за стэйк тут прыйдзецца заплаціць ад 100 да 1000 рублёў, піша «Анлайнер».

«Гэтая канцэпцыя была выбрана перш за ўсё таму, што мінчукі — усё ж такі больш прыхільнікі мясных страў, — тлумачыць галоўны шэф-повар Сяргей Міралевіч. — У халодным клімаце патрэбна каларыйная, пажыўная, бялковая ежа. Улічваліся і сусветныя тэндэнцыі: усё больш людзей выбірае ў ежу мяса, менавіта добрае мяса. Апошнім часам у краінах СНД ёсць пэўныя складанасці з увозам пэўнага віду ялавічыны — асабліва мармуровай, вагю. Таму з’яўляюцца мясцовыя якасныя вытворцы».

Плошча новага рэстарана — 268 кв. м. Унутры прадугледжана больш за 50 месцаў, але да цёплага сезона каля ўвахода ўсталююць летнюю тэрасу, на якой могуць размясціцца яшчэ 35 гасцей. Інтэр’ер вытрыманы ў карычневых, пясочных і глыбокіх бардовых адценнях. Мэтай было зрабіць стрыманы дызайн, які асацыюецца з прэміяльнасцю. 

«У інтэр’еры шмат дэталяў менавіта з натуральнай скуры, напрыклад дэкаратыўныя перагародкі, — кажа менеджар рэстарана Яна Яцына. — Крэслы, у якіх мы сядзім, таксама з натуральнай скуры. Усё вакол сведчыць пра якасць».

Асноўная зала суседнічае з адкрытай кухняй, на якой будуць відовішчна гатаваць стэйкі, пераварочваючы іх і «купаючы» ў агні, а таксама выпякаць хлеб або гатаваць мяса ў печы. Іншыя стравы, працэс прыгатавання якіх менш цікавы, будуць збірацца ў закрытай кухні.

Таксама ў інтэр’еры прысутнічаюць скульптуры мастачкі Таццяны Савік, якія ўвасабляюць агульную канцэпцыю. Кожная скульптура паказвае тыя ці іншыя органы бычка.

Менеджар бараў і рэстаранаў мінскага Waldorf Astoria Сяргей Шокiн звяртае ўвагу на сервіроўку сталоў:

«Нам было вельмі важна перадаць атмасферу рэстарана нават у дэталях. Узяць хаця б сервіроўку сталоў. Падложкі пад талеркі і падстаўкі пад шклянкі зроблены з натуральнай скуры. Мы самі ездзілі на вытворчасць, размешчаную ў Беларусі, і выбіралі гэтую скуру. Сервіровачныя сурвэткі вышыты ўручную мясцовымі майстрамі. Што тычыцца посуду, было важна выбраць менавіта якасны, эстэтычны і тэкстурны посуд. Яго спецыяльна заказвалі для гатэля ў нямецкага брэнда Rosenthal. Посуд класічны, але мае фірмовую расфарбоўку рэстарана».

Недалёка ад увахода ёсць закрытая прастора — гэта так званая private dining room. Пакой абстаўлены халадзільнікамі з віном і пры неабходнасці здольны змясціць да 10 чалавек.

У рэстаране багатая калекцыя він — у віннай карце ёсць больш за дзвесце лэйблаў.

У цэнтры рэстарана стаяць халадзільныя камеры сухога выспявання, якія па сутнасці з’яўляюцца і часткай дэкору.

Сяргей Міралевіч тлумачыць:

«Гэтыя камеры дазваляюць мясу знаходзіцца ў кантраляваных умовах: выспяваць, старэць, скажам так. Гэта надае яму пэўныя характарыстыкі. То-бок ідзе працэс акіслення тлушчаў, што паляпшае водар мяса. Ён становіцца больш насычаным. У тоўшчы мяса пачынаюць выпрацоўвацца ферменты, робячы яго больш мяккім, далікатным, але пры гэтым шчыльным. Сыходзіць лішняя вільгаць, а смакі канцэнтруюцца ўнутры.

Калі вы паглядзіце на кавалкі ўнутры камер, убачыце, што корка ў іх засохлая і пацямнелая. Гэта такая спецыяльная «шляхетная» цвіль. Праз патрэбную колькасць дзён яна зразаецца, а знутры здабываецца нармальнае, здаровае, ружовае мяса — гэта значыць непасрэдна стэйк».

Прадукт захоўваецца ў гэтых хітрых халадзільніках ад 30 да 120 дзён. А на дне можна заўважыць брускі гімалайскай солі. Яны патрэбныя для таго, каб паветра, якое цыркулюе ўнутры, абеззаражвалася.

Меню — мікс розных кухняў свету, прапушчаны праз аўтарскае бачанне шэф-кухара.

«Меню ў нас дастаткова вытрыманае, трохі класічнае, — тлумачыць Сяргей Міралевіч. — Мы сабралі хіты з розных краін, з розных кухняў свету. Акрамя стэйкаў можна ўбачыць, напрыклад, тартэліні — гэта яркі прадстаўнік італьянскай кухні. Ёсць чорная траска з міса-глазурай — гэта японская кухня. Ёсць цыбулевы суп — адзін з самых папулярных супаў з французскай кухні. Таксама прапануем класічныя дэсерты».

Але акцэнт, вядома, робіцца на мясе. 

«Давайце пачнем з базы. Ёсць прэміяльныя стэйкі: рыбай, Нью-Ёрк. Для іх прыгатавання выкарыстоўваецца філейная частка — спінная мышца ўздоўж пазваночніка. Ёсць яшчэ адна мышца, якая знаходзіцца пад пазваночнікам, паралельна спіннай. Яна называецца тэндэрлойн — гэта адзіная мышца ў целе жывёлы, якая абсалютна не падвяргаецца напружанню, таму з’яўляецца вельмі далікатнай і мяккай. Гэта таксама прэміяльны прадукт. Усе астатнія часткі тушы з’яўляюцца альтэрнатыўнымі стэйкамі».

Усяго ў меню прадстаўлена 8 відаў стэйкаў розных катэгорый, але ў далейшым іх стане больш.

У меню пазначаны кошт за 100 грамаў, так што канчатковы можа стартаваць ад 100 рублёў і дасягаць 1000 рублёў.

«Mramor пазіцыянуецца як люксавы рэстаран, дзе і сэрвіс, і стравы, і падача — усё на высокім узроўні, — тлумачаць суразмоўцы. — Гэта месца для тых, хто не церпіць кампрамісаў. Менавіта таму ў нас прадстаўлены і ўнікальныя пазіцыі, напрыклад вагю — японская ялавічына. Мала дзе ў Беларусі яна ёсць. Таму і цэны адпаведныя».

Стэйк-хаус Mramor будзе мець выключна вячэрні фармат працы. Дзверы рэстарана адчынены з 18:00 да 23:30. Адзначаецца, што як такога дрэс-кода тут няма, але гасцей просяць прыходзіць у элегантных строях.

Каментары5

  • Намасце
    18.01.2026
    Абедзеннае меню (па буднях 12:00...16:00) у рэстаране будзе? Каб рублёў за 15 наесціся ад пуза?
  • Агент Хели Коптер
    18.01.2026
    Наконец то появилось место для любителей дефлопе.
  • Пінскі шляхцюк
    18.01.2026
    Галоўнае каб сэлфі-плітка ў прыбіральні для “кавуновага батальена” прыгожая была. Стэйк за 1000р - цырк на дроце.

Цяпер чытаюць

Ціханоўская і Зяленскі ўпершыню правялі сустрэчу. Зяленскі запрасіў Святлану ў Кіеў14

Ціханоўская і Зяленскі ўпершыню правялі сустрэчу. Зяленскі запрасіў Святлану ў Кіеў

Усе навіны →
Усе навіны

«Дарогу перайшлі тры зубры». Святар расказаў пра каляду, на якой «звяроў было больш за людзей»1

Падчас праверкі баявой гатоўнасці арміі Лукашэнка абышоўся без Хрэніна12

«Начное жыццё Мінска перажывае свае найгоршыя часы». Крык душы сталічнага дыджэя пра крызіс у тусовачнай сферы13

Трамп прыгразіў Канадзе 100% мытамі і назваў Карні «губернатарам»4

У Мінеапалісе супрацоўнікі іміграцыйнай службы ЗША зноў забілі чалавека пры затрыманні23

«Герань-5». Каб зламаць украінскую СПА, Расія нарошчвае хуткасць дронаў1

НАТА плануе стварыць на мяжы з Беларуссю бязлюдную зону з робатамі і дронамі11

40‑гадовага мінчука, які паехаў у Табары і прапаў, знайшлі загінулым

Кітайцы прарэкламавалі, як хвацка іх электракар сам скідае з сябе снег. Беларусы праверылі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская і Зяленскі ўпершыню правялі сустрэчу. Зяленскі запрасіў Святлану ў Кіеў14

Ціханоўская і Зяленскі ўпершыню правялі сустрэчу. Зяленскі запрасіў Святлану ў Кіеў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць