БЕЛ Ł РУС

Сёстры Груздзевы драматычна расказалі, як іх выкінуў за дзверы міністр культуры Руслан Чарнецкі. «Як сабак»

24.02.2026 / 09:00

Аўгіння Якімук

Міністр, па словах артыстак-лукашыстак, указаў ім на дзверы і абурана мыкаў.

Міністр культуры Руслан Чарнецкі і сёстры Груздзевы. Калаж

Спявачкі сёстры Груздзевы паскардзіліся на тое, што не змаглі знайсці агульную мову з новым міністрам культуры Русланам Чарнецкім. І апісалі тое, што адбылося амаль год таму ў міністэрскай прыёмнай.

Папярэднік Чарнецкага ў міністэрскім крэсле Анатоль Маркевіч (падчас працы старшынёй Навагрудскага райвыканкама ён запомніўся тым, што арганізаваў малебен з просьбай аб дажджы) Груздзевых, падобна, любіў. Яны самі часта публікавалі здымкі з ім. І цяпер хваляцца, што Маркевіч з энтузіязмам вырашаў іх пытанні.

Анатоль Маркевіч і сёстры Груздзевы. Фота: сацсеткі

Сапраўды, тады быў іх зорны час — сясцёр запрашалі выступаць усюды. Аплачвалася гэта шчодра — артысткі маглі сабе дазволіць паліто «любімага брэнда Пуціна» за 3500 рублёў.

Але ўсё змянілася ў снежні 2024 года, калі Лукашэнка прызначыў міністрам культуры акцёра Руслана Чарнецкага. Выглядае, Маркевіч не пакінуў яму ў спадчыну любоў да Груздзевых.

Руслан Чарнецкі

Валянціна і Аляксандра засталіся па-за кадрам.

У сваім відэа абураныя сёстры распавядаюць, што некалькі месяцаў спрабавалі трапіць на прыём да высокага чыноўніка — каб пазнаёміцца і абмеркаваць свае пытанні. Яны не называлі імя таго чалавека, але, як даведалася «Наша Ніва» ад людзей з беларускага шоу-бізнэсу, гаворка ідзе менавіта пра Чарнецкага.

Афіцыйна запісацца на прыём у іх не атрымлівалася. Сакратарка раз за разам паўтарала, што няма такой магчымасці. Нават калі сёстры тэлефанавалі зранку ў панядзелак, калі пачынаўся запіс на асабістыя прыёмы, то чулі, што, на жаль, усе магчымыя варыянты часу ўжо распісаныя.

Груздзевы пісалі лісты — але і так дыялогу не атрымоўвалася. Тады сёстры вырашылі ісці ва-банк і летась 17 сакавіка проста прыехалі ў прыёмную міністра.

— Сакратарка ні ў якую: «Дзяўчаты, вам не трэба, вам адказалі». Я кажу: «Ну як нам адказалі, калі пытанні не вырашаюцца?!» — «Калі вам нешта не падабаецца, дык ідзіце ў суд».

Груздзевы ўжо сабраліся сыходзіць і нават выйшлі ў калідор, як раптам у прыёмнай з’явіўся выканаўца галоўнай ролі ў гэтай трагікамедыі.

Аляксандра ўзрадавалася і сказала сястры, што можна цяпер падысці і асабіста распавесці пра свае праблемы. Узброіўшыся абразом Святога Мікалая, Груздзева рынулася на амбразуру.

— Кажу: «Ведаеце, цягам трох месяцаў мы не можам да вас запісацца на прыём. Ваша сакратарка нас не пускае».

Чарнецкі пацікавіўся, па якіх пытаннях яго хочуць патурбаваць — артыстка распавяла. Адно з пытанняў, як адзначае Аляксандра, было для іх асабліва важным. На яго міністр адрэагаваў нервова: «Не прыдумляйце канспіралагічных тэорый!»

Груздзева ажно разгубілася. А пасля стала расказваць Чарнецкаму пра 2020 год і прасіцца на прыём.

Далей, па словах Аляксандры, была тэатральная паўза:

— Ён глядзіць на мяне страшнымі вачамі, у яго твар мяняецца…

А далей, па словах жанчыны, міністр культуры ўскінуў руку, паказваючы на дзверы двума пальцамі, і пры гэтым гучна мыкаў.

Аляксандра Груздзева паказвае, як Чарнецкі выганяў яе ў калідор. Скрыншот відэа ў тыктоку

У такой сітуацыі разгубілася нават Груздзева.

— Я пытаюся: «Што?». А ён мычыць і пальцамі паказвае на дзверы. І вось у гэтай цішы, я не разумею, што адбываецца, а ў мяне ў руках ікона… Я гляджу ў вочы гэтаму чыноўніку, ён глядзіць мне — можа, секунд 30 прайшло, можа хвіліна. Я мысленна прашу: «Божа! Святы Мікалай! Дапамажы мне стрымацца і не разраўсціся, дапамажы мне проста сабрацца з сіламі і нешта ўцямнае яму сказаць». Сілы былі ўвогуле на зыходзе. Ведаеце, як быццам цябе абухом па галаве стукнулі, ты не разумееш… Я дзякуючы гэтаму абразу Святога Мікалая кажу: «Добра. Значыць наступным разам. Значыць пазней».

У калідоры Аляксандра расплакалася. Прызнаецца, што было адчуванне, быццам яе як сабаку выкінулі за дзверы. Відавочна, што сёстры чакалі прызнання за сваю працу ў 2020 годзе. Усур’ёз яны разважаюць, як супрацьстаялі Захаду, які ладзіў сваю барацьбу з дапамогай метадычкі Шарпа.

— Ці думала я ў 2020 годзе, калі мы ехалі да стэлы і нам крычалі: «Ганьба!», потым гэтыя тысячы каментароў у сацсетках… Пудзілы ставілі каля нашага дома… Калі іншыя паціскалі рукі і казалі, што мы сталі маральным арыенцірам… Калі вядучыя «Скажи не молчи» казалі, што весь шоу-бізнэс хаваўся за нашымі спінамі… Ці думала я, што ў 2025 годзе ў кабінеце ў чыноўніка ён мне пакажа як сабаку на дзверы? Нават не пагаварыўшы, нават не пацікавіўшыся…

Свой стан у той момант Аляксандра Груздзева называе маленькай смерцю.

Сёстры цяжка перажываюць тую сустрэчу і сёння. У чэрвені паспрабавалі напісаць ліст Чарнецкаму, у якім распавялі пра тое, што адчуваюць. Але ж наладзіць адносіны гэта не дапамагло.

Чытайце таксама:

Спевака з «Марафону адзінства» асудзілі за палітыку — прыгадалі каментары 2020-га. Бараніць у суд яго хадзілі сёстры Груздзевы

Былы міністр культуры Маркевіч знайшоў сабе працу мары лукашыстаў

Сёстрам Груздзевым не дазволілі выступіць на галоўным форуме ў Дзень адзінства, а падпісчыкі западозрылі іх у здрадзе

Новы міністр культуры выпусціў кліп — плюецца ў выдуманых ворагаў

Каментары да артыкула