«Скажыце, у якой Беларусі сярэдні заробак 886 даляраў?» — «На малаказаводзе!»
Беларусы здзівіліся лічбам сярэдняга заробку, якія агучыў Лукашэнка, і дзеляцца сваімі рэальнымі даходамі.
Прымаючы справаздачу ўрада, Лукашэнка адзначыў, што за мінулы год сярэдні заробак беларусаў склаў 2693 рублі, або 886 даляраў у эквіваленце. Пры гэтым рост даходаў нібыта істотна апярэджваў рост прадукцыйнасці працы. Паглядзеўшы адпаведнае відэа ў тыктоку, людзі здзівіліся агучаным лічбам і расказалі пра свае заробкі.
Найбольш лайкаў (звыш 8100) набраў каментарый:
«Скажыце, у якой Беларусі сярэдні заробак 886$?»
Яго аўтару патлумачылі:
«Проста нехта есць капусту, а нехта мяса. А разам мы ямо галубцы. Вось так і з заробкам».
«Напэўна, даляры з рублямі пераблыталі»
Многія людзі ўпэўненыя, што гаворка павінна ісці пра 886 не даляраў, а рублёў. Гэтую думку падтрымалі больш за 6000 гледачоў.
«Прабачце! Я не недачула?! ЗП 886$? Дзе?! Людзі добрыя, падкажыце, калі ласка!» — не хавае эмоцый адзін глядач.
«Выбачайце, але, напэўна, даляры з рублямі пераблыталі», «вось і мне так здаецца…», «Але ён не ведае, што сярэдні заробак 886 беларускіх рублёў», — падтрымліваюць яго іншыя.
Некаторыя з сарказмам заўважаюць:
«Ён пра якую Беларусь кажа?», «Відаць, я жыву не ў Беларусі», «А можна я пераеду ў тую Беларусь, дзе заробак 880$, а то я атрымліваю 380$»
«Дык ён расце па прыпісках, а рэальны заробак 900—1300, і тое да вылічэння падаткаў», — лічыць яшчэ адзін каментатар, і яго меркаванне падзяляе амаль тысяча іншых.
Рэальныя лічбы
Людзі масава дзеляцца лічбамі са сваіх разліковых лісткоў:
«Якія 886$? Я працую зваршчыкам, у мяне заробак 500 рублёў, і тое не заўсёды».
«У мяне налічэнне 738 руб.».
«У мяне заробак 670 руб.».
«У дзіцячых садках мы з цяжкасцю 750 рублёў атрымліваем».
«Паглядзіце, калі ласка, колькі атрымлівае санітарка ў бальніцы, слёзы — 800 рублёў».
«На ферме працуеш з 4 раніцы да 11 вечара, і ЗП 800 рублёў у месяц».
«Клас, за месяц 304 гадзіны, ЗП 1050, працую поварам на адпрацоўцы, клас».
«1100 на заводзе».
«Мой сын працуе зваршчыкам і атрымлівае 1350 рублёў».
«Інжынер ва ўпраўленні аўтобуснага завода МАЗ, больш за 1600 яшчэ не атрымліваў».
«Адкуль ён лічбы гэтыя бярэ? Якія 3 тысячы сярэднія? Заробак людзей, якіх я ведаю, 1300—1600».
«Я дзеля 700$ працую па 10 гадзін, ем у машыне, ссу з машыны, сям'ю бачу з машыны, але я не дапрацоўваю да 880$. І маё кіраўніцтва крычыць яшчэ, што я мала працую) Жывём».
«Я херачу з 7:00 і да 17:00, часам і да 18:00, бывае і па шэсць дзён на тыдзень, і 1500 у сярэднім атрымліваю, дык куды яшчэ больш працаваць? Можа, увогуле жыць на працы», — эмацыйна выказваюцца беларусы.
Яшчэ адна глядачка звяртаецца наўпрост да Лукашэнкі:
«Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, 1200 рублёў — выхавацелька. Мінск. Калі я атрымаю 886$? Дзякуй за ўвагу».
«У цябе ЗП 1200, і ты кажаш «паважаны»?» — дзівяцца ёй у адказ.
«Цэны растуць, а не заробкі»
Каментатары таксама звяртаюць увагу на тое, што цэны растуць значна хутчэй за даходы:
«А цэны ў крамах ён бачыў?»
«Лол, забыліся ў гэтае параўнанне дадаць вельмі важны складнік: «рост цэн на ўсе тавары», які ў сярэднім складае больш за 110%».
«А чаму цэны на прадукты і камунальныя паслугі растуць хутчэй, чым ЗП?»
«Я бачу, толькі цэны растуць, а не заробкі!»
«У абібокаў няма»
Праўда, знайшліся і тыя, хто сцвярджае, што заробкі, ніжэйшыя за агучаныя, бываюць «толькі ў абібокаў».
І толькі адзін паспрабаваў прывесці іншыя лічбы:
«Хлусня. На заводзе малочным ад 2500 да 5000 рублёў».
Чытайце таксама:
Грошы грабуць акцыянеры, а не нанятыя работнікі: такая цяпер эканоміка, і будзе яшчэ горш (ці лепш?)
«Пабеглі мяняць даляры, а што рабіць». Беларусы расказалі, як і ў чым яны цяпер робяць ашчаджэнні