The Economist: Крэмль прапанаваў сям'і Трампа за зняцце санкцый долі ў энергетычных актывах
Крэмль нібыта прапанаваў людзям, блізкім да сям’і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, долі ў расійскіх энергетычных праектах у абмен на змякчэнне або зняцце амерыканскіх санкцый. Пра гэта са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміла выданне The Economist.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас сустрэчы на Алясцы 15 жніўня 2025 года. Фота: Andrew Harnik / Getty Images
Паводле гэтых звестак, гаворка можа ісці пра ўдзел у здабычы нафты і газу ў Арктыцы, распрацоўцы радовішчаў рэдказямельных металаў, стварэнні дата-цэнтра з ядзерным энергазабеспячэннем, а таксама пра будаўніцтва тунэля пад Берынгавым пралівам.
Крыніцы сцвярджаюць, што перад леташняй сустрэчай Уладзіміра Пуціна з Трампам на Алясцы для Рады бяспекі Расіі падрыхтавалі дакумент з прапановай прадставіць амерыканскаму боку маштабную эканамічную здзелку. У ім Расію апісвалі як краіну з вялікімі запасамі арктычных і паўночных рэсурсаў, у якія нібыта будуць гатовыя інвеставаць фонды з ЗША і іншых дзяржаў. Адзначалася, што гэта можа прынесці значныя прыбыткі і нават спрыяць атрыманню Нобелеўскіх прэмій лідарамі дзвюх краін. Разам з тым, як піша выданне, прадстаўнікоў Трампа асабліва цікавяць долі ў буйных праектах, здольных паўплываць на сусветныя сыравінныя рынкі.
Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, спасылаючыся на даныя разведкі, заяўляў, што Масква прапанавала Вашынгтону здзелку на 12 трыльёнаў даляраў у абмен на паслабленне санкцый. Аднак The Economist адзначае, што такія ацэнкі выглядаюць значна перабольшанымі і могуць быць разлічаныя на тое, каб зрабіць прапанову больш прывабнай для Трампа.
Паводле падлікаў выдання, нават пры аднаўленні аб’ёмаў імпарту і вяртанні замежных кампаній на расійскі рынак магчымыя прыбыткі былі б значна меншымі. Каб наблізіцца да сумы ў 12 трыльёнаў даляраў, такія даходы павінны былі б захоўвацца на працягу многіх дзесяцігоддзяў. У матэрыяле таксама выказваецца меркаванне, што ў выпадку аднаўлення шырокага гандлю і інвестыцый расійская эканоміка магла б умацавацца.
Пытаннямі ўрэгулявання вайны ва Украіне ў адміністрацыі Трампа займаюцца яго спецпасланнік Стыў Уіткаф і зяць Джарэд Кушнер, якія падтрымлівалі кантакты з расійскім бокам. Раней ЗША прапанавалі мірны план, узгоднены з Кіевам і еўрапейскімі саюзнікамі, і адбылося некалькі раўндаў трохбаковых перамоў. Па словах Зяленскага, Вашынгтон хацеў бы завяршыць вайну да чэрвеня, бо пазней увага Белага дома будзе скіраваная на прамежкавыя выбары.
Чытайце таксама:
Трамп заявіў, што Пуцін гатовы да здзелкі. Каб толькі Зяленскі не спудлаваў
Зяленскі: Пуцін не сядзіць у турме — гэта самы вялікі кампраміс, на які пайшоў свет
«Мы пайшлі на шмат кампрамісаў». Зяленскі выказаўся пра саступкі пад ціскам ЗША
Пуцін на перамовах з Трампам просіць вярнуць Расію ў даляравую сістэму