БЕЛ Ł РУС

Мерц: Расія загразла ў страшным варварстве, і гэта не зменіцца

19.02.2026 / 23:28

Вінцэсь Клепачэня

Напярэдадні свайго пераабрання на пасаду лідара партыі ХДС Фрыдрых Мерц даў вялікае інтэрв'ю нямецкім выданням Neue Berliner Redaktionsgesellschaft (NBR) і Rheinpfalz. У размове палітык акрэсліў сваё бачанне будучыні адносін з Масквой, перспектывы аднаўлення эканамічных сувязяў і прыроду цяперашняга расійскага рэжыму.

Фрыдрых Мерц. Фота: AP Photo / Martin Meissner, POOL

Адказваючы на пытанне журналістаў пра галасы тых, хто спадзяецца на аднаўленне паставак расійскага газу, Мерц быў катэгарычны.

«Гэта не варыянт, пакуль Пуцін вядзе гэтую злачынную вайну», — падкрэсліў ён, а газавае партнёрства з Расіяй назваў «фатальнай залежнасцю».

«Нам не варта мець ілюзій: расійская ўладная групоўка ў найбліжэйшай перспектыве наогул не можа абысціся без вайны. Ёй трэба падтрымліваць працу ваеннай машыны, таму што ў яе няма плана, што інакш рабіць з сотнямі тысяч салдат, якія вяртаюцца з фронту, часткова з цяжкімі псіхалагічнымі траўмамі. На маю думку, гэтая вайна скончыцца толькі тады, калі адзін з бакоў будзе вычарпаны — або ў вайсковым, або ў эканамічным плане», — выказаў сваё меркаванне Мерц.

Як даводзіць канцлер, мэта краін Еўропы палягае у тым, «каб расійская дзяржава больш не магла весці вайну ў вайсковым плане і не магла далей фінансаваць яе эканамічна».

«Ні розум, ні гуманітарныя аргументы не пераканаюць Пуціна. Гэта горкая праўда», — падкрэсліў ён.

«Найглыбейшае варварства»

Асобная ўвага ў інтэрв'ю была нададзена асобе Уладзіміра Пуціна. Журналісты спыталі, ці магчымыя нармальныя адносіны з чалавекам, які, напрыклад, аддаў загад атруціць апазіцыянера Аляксея Навальнага ў калоніі.

«Я лічу гэта амаль немагчымым. Калі я гляджу на гэты рэжым і гэты сляпы тэрор, у мяне мала надзеі», — адказаў Мерц.

Каб апісаць стан сучаснай Расіі, палітык звярнуўся да гісторыі:

«Ёсць цікавая цытата французскага пісьменніка Астольфа дэ Кюсціна з XIX стагоддзя, які пасля доўгіх падарожжаў па Расіі сказаў: «Расія ў нашы дні — самая дзіўная краіна для назіральніка, таму што ў ёй можна знайсці найглыбейшае варварства побач з найвышэйшай цывілізацыяй».

На думку Мерца, гэтыя словы застаюцца актуальнымі і праз два стагоддзі.

«Гэтай цытаце 200 гадоў, і, на жаль, яна справядлівая і сёння. Зараз мы бачым гэтую краіну ў стане найглыбейшага варварства. У блізкім часе гэта не зменіцца, і з гэтым нам давядзецца змірыцца», — рэзюмаваў Фрыдрых Мерц.

Чытайце таксама:

Мерц выступіў супраць накіравання міратворцаў ва Украіну пад еўрапейскім сцягам

Мерц: Еўропа павінна навучыцца гаварыць мовай сілы

У Еўропе абмяркоўваюць стварэнне як альтэрнатывы НАТА новага абарончага саюза з удзелам Украіны

Каментары да артыкула