Былому міністру Брыло інкрымінуюць хабар паўтара мільёна даляраў
Былому міністру сельскай гаспадаркі і харчавання, а таксама былому памочніку Аляксандра Лукашэнкі па Віцебскай вобласці Ігару Брыло інкрымінуюць атрыманне хабару ў памеры 1,5 мільёна даляраў. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі намеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук.
Ігар Брыло. Скрыншот з відэа
У лістападзе 2023 года Брыло быў вызвалены ад пасады памочніка Лукашэнкі. Раней паведамлялася, што яго затрымалі супрацоўнікі КДБ у межах так званай малочнай справы. Паводле старшыні КДБ Івана Церцеля, па гэтай справе затрымалі 26 чалавек, з якіх 15 былі арыштаваныя.
Раней Ігар Брыло займаў пасаду намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання (з 2013 года), у 2021 годзе стаў першым намеснікам міністра, а з 2022 года да ліпеня 2023 года ўзначальваў міністэрства.
Акрамя падрабязнасцяў па справе Брыло, Аляксей Стук таксама паведаміў, што цяпер расследуецца яшчэ адна карупцыйная справа, у якой сума хабару складае 600 тысяч даляраў.
Увогуле ж, паводле яго слоў, у 2025 годзе колькасць карупцыйных злачынстваў зменшылася на 16%. За мінулы год былі выяўленыя 843 такія злачынствы. Найбольшую долю сярод іх складаюць атрыманне хабару (384 факты), крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (245) і перавышэнне ўлады (105).
Усяго ўстаноўлена 776 чалавек, якія здзейснілі карупцыйныя правапарушэнні. Найбольш схільнымі да карупцыі названыя сферы прамысловасці (165 фактаў), сельскай гаспадаркі (178), будаўніцтва (78) і транспарту (93).
Чытайце таксама:
«Ігар Брыло сядзеў у камеры без туалета. Падчас следства ён «укінуў» па хабарах больш за 50 чалавек»
Былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло прызнаў, што набраў хабараў на $2 мільёны
81‑гадовую маці аўтарытэта Скітова з «Бабулінай крынкі» кінулі ў СІЗА КДБ, каб ён нарэшце загаварыў
Што народ думае пра «Малочную справу»? Вось выказванні людзей