БЕЛ Ł РУС

У Клецку каля чыгункі знайшлі акрываўленыя трупы сабак. Што з імі здарылася?

19.02.2026 / 23:38

Nashaniva.com

У Клецку каля чыгуначнага пераезда былі знойдзеныя целы чатырох сабак са слядамі крыві на снезе. Мясцовая жыхарка, якая звярнулася да журналістаў, выказала занепакоенасць: ці не вярнулася практыка адстрэлу жывёл, якая афіцыйна забароненая ў Беларусі? Сярод загінулых, паводле яе слоў, мог быць і сабака яе маці, што знік каля месяца таму, піша «Мінская праўда».

Фота з сацсетак

Каб высветліць абставіны справы, журналістка звязалася з раённым аддзелам унутраных спраў і службамі ЖКГ, якія займаюцца адловам безнаглядных жывёл.

У міліцыі заявілі: адстрэл як спосаб рэгулявання колькасці бяздомных жывёл у краіне не выкарыстоўваецца ўжо шмат гадоў. Заканадаўства, маўляў, прадугледжвае толькі гуманны адлоў. Выключэнні магчымыя толькі ў выпадку прамой пагрозы жыццю і здароўю людзей, і тады дзейнічаюць спецыяльныя службы. Падстаў жа для завядзення крымінальнай справы ў гэтай канкрэтнай сітуацыі не ўгледзелі.

Як высветлілася са слоў відавочцаў, трагедыя адбылася каля месяца таму. На гэтым участку чыгункі цягнік наехаў на чатырох сабак, якія апынуліся на пуцях. Жывёлы загінулі на месцы.

Целы доўгі час заставаліся незаўважанымі з-за моцных снегападаў. Снег амаль цалкам прыцерушыў іх, таму ні выпадковыя мінакі, ні службы не маглі іх убачыць. Толькі з надыходам адлігі і раставаннем снегу целы сталі бачнымі, што і выклікала хвалю трывогі ў жыхароў.

Чытайце таксама:

«Гэта працягвалася не адзін дзень». У Бабруйску патрабуюць пакараць гаспадара, які жорстка абыходзіцца з сабакам падчас прагулкі

У Латвіі ветэрынарная служба заклікала не купляць хатніх жывёл у Беларусі. І гэта не проста прыхамаць

У Польшчы знайшлі сабаку, які згубіўся ў Беларусі. Здаецца, ён сам перайшоў мяжу па замерзлай рацэ

След ваўка ці сабакі — як адрозніць?

Каментары да артыкула