БЕЛ Ł РУС

«Марына з Міколам размаўлялі ўсю ноч». Сяброўка сям’і расказала, што адчувае ў сувязі з вызваленнем Міколы Статкевіча

20.02.2026 / 21:19

Nashaniva.com

«Радыё Свабода» ў сувязі з учарашнім нечаканых вызваленнем Міколы Статкевіча пагаварыла з былой рэдактаркай выдання «Новы час» Аксанай Колб, якая з'яўляецца сяброўкай сям’і Статкевіча і размаўляла з ім па тэлефоне 11 верасня 2025 года.

Мікола Статкевіч і Марына Адамовіч у красавіку 2019 года. Фота: «Радыё Свабода»

Аксана Колб у асабістым паведамленні Марыне Адамовіч папрасіла яе, каб яна выбачылася перад Міколам за тую размову на мяжы, калі яна ўгаворвала яго пакінуць Беларусь.

«Я напісала Марыне, што я побач, калі ёй нешта будзе трэба ці нават проста паразмаўляць, і папрасіла, каб яна перадала Міколу маё прабачэнне. Марына адказала, што Мікола памятае тую размову…

У той момант я думала толькі пра Марыну, ведаючы, які складаны ў яе псіхалагічны і фізічны стан. І толькі гэты матыў быў галоўны, калі я фактычна ціснула на Міколу і казала, што калі ён зараз гэтага не зробіць, калі ён не пяройдзе мяжу, то яны могуць і не пабачыцца. Так, мне за гэта сорамна, так, я прашу ў яго за гэта прабачэння…

Што тычыцца Марыны, то сёння я вельмі за яе шчаслівая. Проста цяжка нават уявіць, пра што гэтая жанчына прайшла гэтыя 5 гадоў, а асабліва апошнія месяцы. Раней яна хаця б ведала, дзе Мікола, яна ведала, што ён у Глыбокім, яна магла перадаваць яму медычныя перадачы, магла там хаця б раз на год перадаваць нейкую ежу. А пасля верасня яна ведала толькі адно, што ў яго няма цёплых рэчаў, у яго няма лекаў, у яго нічога няма. І яна не ведае, дзе ён. І гэта было, канешне, страшна…

Я ведаю, што яны ўсю ноч размаўлялі з Мікалаем. Можа, не ўсю ноч, але вельмі доўга, і я разумею, колькі ім трэба было ўсяго адзін аднаму сказаць. Спадзяюся, што стан у Мікалая не вельмі цяжкі. Па фота бачныя наступствы інфаркту галаўнога мозгу, але ён — чалавек моцны, ён адновіцца. Я ўпэўненая, што нават калі б ён зусім не мог размаўляць, яны б з Марынай усё роўна размаўлялі ўсю ноч, бо яны размаўляюць сваімі сэрцамі».

Пра вызваленне Міколы Статкевіча стала вядома ўчора, калі з'явіліся яго фоты дома ў Мінску.

Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года быў затрыманы 31 мая 2020 года, калі ехаў на мітынг Святланы Ціханоўскай на Камароўку.

14 снежня 2021 года на закрытым судзе ў Гомелі асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі асаблівага рэжыму паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Разам з ім асудзілі і іншых вядомых апанентаў улады. Пакаранне адбываў у калоніі ў Глыбокім, апошнія гады ўтрымліваўся ў рэжыме інкамунікада.

У 2020 годзе атрымаў прэмію імя Андрэя Сахарава.

11 верасня 2025 года Статкевіча нечакана вызвалілі разам з іншымі 51 палітвязнямі і хацелі прымусова выдварыць у Літву. Статкевіч, аднак, адмовіўся перасякаць мяжу і застаўся на тэрыторыі Беларусі. Пасля таго, як яго забралі лукашэнкаўскія сілавікі, пра ягоны лёс нічога не было вядома.

Чытайце таксама:

У рэанімацыі Мікалая Статкевіча тры тыдні кармілі праз трубку

Марына Адамовіч: Старыя коцікі нават праз пяць гадоў прызналі свайго гаспадара

Эйсмант: Статкевіча памілавалі ўжо паўгода назад, але тады ён вярнуўся ў турму

З'явілася яшчэ адно ФОТА Міколы Статкевіча пасля вызвалення

Ціханоўская: Я адчуваю вялікую палёгку, што Статкевіч дома

Інсульт у Статкевіча адбыўся 21 студзеня

Каментары да артыкула