У мінскай Малінаўцы на месцы даўгабуда пабудуюць новы гандлёвы цэнтр і паркінг
У мікрараёне Малінаўка ў Мінску на месцы недабудаванага паркінга жылога комплексу «Мегаполіс» на скрыжаванні праспекта Дзяржынскага і вуліцы Яна Чачота плануюць пабудаваць новы шматфункцыянальны комплекс. Яго хочуць увесці ў эксплуатацыю ў 2027 годзе, піша агенцтва «Мінск-Навіны».
Раней тут меркавалася пабудаваць шматузроўневы паркінг, аднак праект не быў завершаны. Пазней аб’ект нават збіраліся знесці, але летась у яго з’явіўся новы ўласнік, які аднавіў будаўніцтва.
Паводле праекта, на ўчастку з’явіцца комплекс з аўтастаянкай, памяшканнямі для сэрвісу, аўтамыйкай, зонамі для аздараўлення, а таксама гандлёвымі галерэямі і адміністрацыйнымі офісамі. Будынак будзе складацца з дзвюх адміністрацыйных частак вышынёй ад пяці да васьмі паверхаў. У цэнтры размесціцца чатырохпавярховы паркінг на 300 машына-месцаў агульнай плошчай каля 7,2 тысячы квадратных метраў.
Чакаецца, што новы аб’ект дапаможа зменшыць колькасць аўтамабіляў у дварах і зробіць зручнейшым уезд у сталіцу для гасцей і супрацоўнікаў кампаній.
Будаўнічыя работы працягваюцца і зімой: на пляцоўцы наладжана ацяпленне, выкарыстоўваюцца спецыяльныя матэрыялы для бетанавання. Зараз рабочыя рыхтуюць аснову пад падлогу цокальнага паверха, заліваюць калоны і перакрыцці, а таксама ўладкоўваюць рампы ўезду і выезду з паркінга. З сакавіка плануюць пачаць мураванне сцен.
Акрамя таго, непадалёк — на скрыжаванні праспекта Дзяржынскага і вуліцы Клары Цэткін — пачалося будаўніцтва яшчэ аднаго шматфункцыянальнага гандлёва-адміністрацыйнага комплексу. Ён з’явіцца на месцы былой прадзiльнай фабрыкі.
Чытайце таксама:
Сёлета абяцаюць адкрыць пасля рэканструкцыі «карабель» — знакаміты корпус БНТУ
У Мінску хочуць пабудаваць мост паміж Брылевічамі і Курасоўшчынай
У Мінску будуюць новае «Акрэсціна» ў глухой прамзоне. А што будзе са старым?