У ціхі квартал у цэнтры Мінска прыдуць перамены. Там будзе вялізны сквер, цэнтр сучаснага мастацтва і паркінг
Мінскі мікрараён Залатая Горка справядліва называецца ціхім цэнтрам горада. Непадалёк размешчаны галоўны праспект, метро і крамы, але ў дварах пяціпавярховак пануе ціша і спакой. Аказваецца, у найбліжэйшай будучыні гэты квартал чакаюць некаторыя перамены.

У адміністрацыі Савецкага раёна днямі стартуе грамадскае абмеркаванне праекта дэталёвага планавання, але маштабнага будаўніцтва ці зносу тут не будзе. Realt.by расказвае, што тут плануюць памяняць.
Гаворка ідзе пра тэрыторыю плошчай 76,3 га. Вялікая яе частка знаходзіцца ў Савецкім раёне, а невялікі ўчастак у 4 га — у Першамайскім. Межамі мікрараёна з'яўляецца праспект Незалежнасці, вуліцы Гікалы, Платонава і Казлова. На Залатой Горцы, якая некалі была гарадской ускраінай, цяпер суседнічаюць сталінскі ампір, пасляваенныя пяціпавярхоўкі і сучасныя офісы.
Ёсць тут і некалькі будынкаў, якія маюць статус гісторыка-культурных каштоўнасцей. Гэта — касцёл Святой Тройцы (Святога Роха), Беларуская дзяржаўная філармонія, будынкі па праспекце Незалежнасці і па вуліцы Казлова, царква Аляксандра Неўскага на тэрыторыі Вайсковых могілак.
Знос і паркоўкі
Пад знос павінен адправіцца былы жылы дом па вуліцы Залатая горка, 8А. Жыхары адсюль даўно пераехалі, а сам дом на момант 2023 года належаў забудоўшчыку «Макраінжынірынг», які ўзвёў побач элітную шматпавярхоўку.


У перспектыве горадабудаўнікі прапануюць знесці і два адміністрацыйна-вытворчыя будынкі па вуліцах Гікалы, 22Б і Платонава, 31А. На месцы будынка на Гікалы, 22Б праекціроўшчыкі прапануюць ўзвесці падземны паркінг. Не сакрэт, што сітуацыя з паркоўкамі ў цэнтры Мінска пакідае жадаць лепшага. У выніку ўсіх пераўтварэнняў, агульная колькасць машына-месцаў у квартале павінна вырасці з 1090 да 4160 (частка з іх будзе зарэзервавана на сумежных тэрыторыях).
Пад знос таксама вызначаны існуючыя боксавыя гаражы і гаспадарчыя пабудовы неналежнага вонкавага выгляду, якія цяпер знаходзяцца на ўнутрыдваровых тэрыторыях і псуюць аблічча цэнтра горада.
Дамы пад знос і рэканструкцыю адзначаны на карце.

Інфраструктура
Што тычыцца інфраструктуры, то ў бліжэйшы час плануецца рэканструкцыя непрацуючага дзіцячага дома № 4 па вуліцы Берасцянскай, 20 пад спецыялізаваны дзіцячы сад на 140 месцаў. Таксама ў планах горадабудаўнікоў — рэканструкцыя дома па вуліцы Чырваназорнай, 31, дзе цяпер працуе хостэл, пад Цэнтр сучаснага мастацтва «Кватэрнік».
Акрамя таго ў квартале могуць з'явіцца новыя аб'екты бытавога абслугоўвання, офісы з харчовай крамай і адміністрацыйны будынак з падземнай стаянкай.

Абсталяванне
Усе існуючыя зялёныя ўчасткі ў мікрараёне захаваюць і памножаць. Так, у квартале хочуць стварыць сквер горада-пабраціма Чанчунь, а таксама добраўпарадкаваць тэрыторыю былых каталіцкіх могілак за касцёлам Святой Тройцы (відаць, гаворка пра пустку, якую раней займала антэна-глушылка).
Тут павінен з'явіцца новы сквер плошчай 1,65 га, у якім у цёплы час года змогуць праходзіць выставы пад адкрытым небам. Таксама ў планах значыцца мадэрнізацыя Бондараўскага сквера і бульвара Мулявіна.

Азнаёміцца з праектам таксама можна будзе ў фае адміністрацыі Савецкага раёна, а таксама на афіцыйным сайце ў раздзеле «Грамадскія абмеркаванні» (матэрыялы тут ужо выкладзены).
Грамадскае абмеркаванне будзе праходзіць з 26 лютага па 12 сакавіка. Заўвагі і прапановы з паметкай «грамадскае абмеркаванне» прымаюць у тэрміны правядзення грамадскага абмеркавання па адрасе: 220 013, Мінск, Дарашэвіча, 8 (альбо па электроннай пошце: [email protected]). Вынікі грамадскага абмеркавання падвядуць на паседжанні архітэктурна-горадабудаўнічага Савета пры галоўным архітэктары горада Мінска.
Каментары
Или это и будет Центр современного искусства?
А что, почему нет, Тертель уже не раз хвастался Лукашенке своим искусством.