БЕЛ Ł РУС

Шуневіч: Адзіная мэта дазволу палявання на мядзведзяў і рысяў — даць больш свабоды паляўнічым у выбары трафеяў

26.02.2026 / 16:25

Nashaniva.com

Кіраўнік Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, былы міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч даў інтэрв'ю выданню Times.by, у якім паведаміў, якая адзіная мэта была ў таварыства і ў яго асабіста, калі яны лабіравалі дазвол палявання на чырванакніжных мядзведзяў і рысяў.

Ігар Шуневіч. Фота: Times.by

Па словах Шуневіча, менавіта Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў дабілася таго, што мядзведзь і рысь сталі паляўнічымі відамі.

Але толькі з адной мэтай: каб даць больш свабоды паляўнічым у выбары здабычы ці трафея.

Гэта было зроблена, як сцвярджае Шуневіч, толькі пасля таго, як стала зразумела, што колькасці гэтых жывёл нічога не пагражае.

«А абмежаванні, на маю думку, любыя неабгрунтаваныя, яны недарэчныя тут, паколькі яны адыгрываюць стрымліваючую ролю ў развіцці паляўнічай індустрыі, якая сёння, як шчыгрынавая скура, скурчылася, — лічыць кіраўнік арганізацыі. — Цяпер ёсць праблемы са зброяй, патронамі, закрываюцца крамы. І гэта дрэнна. Ад гэтага сацыяльнага феномена, палявання, мы нікуды не сыдзем. А я абавязаны яго развіваць. Гэта мая задача сёння».

Пры гэтым ёсць у яго і добрыя навіны — усё больш цікавасці да палявання праяўляюць жанчыны, і не толькі дзеля таго, каб праводзіць час на прыродзе:

«На маё шчасце і маю вялікую радасць, сёння ў паляванне прыходзяць жанчыны, — гаворыць Шуневіч. — Мы ствараем для гэтага ўмовы ў выглядзе розных ільгот, у выглядзе акна магчымасцяў па колькасці паляванняў, відах паляванняў. Мы суправаджаем гэтыя працэсы. І з’яўляюцца трафейныя паляўнічыя, якія не проста на паляванне прыходзяць, — яны хочуць здабыць добрыя трафеі».

Чытайце таксама:

Шуневіч: Першы сезон палявання на рысяў скончыўся поўным правалам

Уладальніцай першай жаночай паляўнічай прэміі стала жонка Ігара Шуневіча

«Гэта і ёсць корань усіх нашых бед». Шуневіч узяўся за егераў — збіраецца абмежаваць іх паўнамоцтвы і змяніць правілы палявання

Арганізацыя, якой кіруе Шуневіч, пахвалілася чарговым забойствам — чырванакніжнай рысі

За права забіць чарговага мядзведзя паляўнічы заплаціў больш за 117 тысяч рублёў

Каментары да артыкула