БЕЛ Ł РУС

Цыганкоў: Не падазраваў, што Бабарыка з'яўляецца прыхільнікам сацыялізму — мары сярэдняга чалавека

26.02.2026 / 21:39

Nashaniva.com

Журналіст Віталь Цыганкоў падзяліўся ў фэйсбуку развагамі пра адно з дзіўных, на яго думку, выказванняў, якое дапусціў ва ўчарашнім інтэрв'ю «Люстэрку» былы палітвязень Віктар Бабарыка. 

Віктар Бабарыка. Фота: lookby.media

Мяне даволі моцна ўразіў адзін момант у інтэрв’ю Віктара Бабарыкі «Зеркалу».

«Як ідэя сацыялізму. Ідэя сацыялізму слушная, але [падчас] рэалізацыі яе, на жаль, крывішчы пралілі вельмі шмат. Але сама ідэя добрая».

Ух. Прызнаюся, нечакана. І не таму, што Бабарыка — банкір. Я якраз праціўнік гэтай так любімай левымі «групавой ідэнтычнасці», калі ты чорны, мігрант, гей, мільянер, габрэй, жанчына і гэтак далей — то павінен думаць менавіта так, як «прадпісана» думаць гэтай групе. Я дапускаю, што і банкір можа быць шчырым прыхільнікам сацыялізму. Дапамагалі ж бальшавікам расійскія купцы і амерыканскія банкіры.

Але словы Бабарыкі прагучалі для мяне як дыскусіі ў сярэдзіне 1980-х, калі на хвалі перабудовы пачалі ачышчаць «светлае імя» Леніна — маўляў, Сталін сапсаваў усё, а вось за Леніным быў бы сапраўдны сацыялізм.

Мне проста цікава, дзе і калі адбылася «правільная» рэалізацыя гэтай ідэі. Дзе і калі за сто дваццаць гадоў спробы рэалізацыі гэтай ідэі прывялі да чагосьці іншага — акрамя ГУЛАГу, расстрэлаў, адбірання маёмасці, дэфіцыту, дэградацыі і жабрацтва.

І не трэба мне легенды і міфы пра сацыялізм у сучаснай Швецыі: няма там ніякага сацыялізму, там колькасць мільярдэраў на душу насельніцтва адна з найвялікшых у свеце. Там сапраўды пачыналі будаваць элементы сацыялізму ў 1970-я, нацыяналізавалі вытворчасці — але хутка гэта прывяло да заняпаду і самі сацыял-дэмакраты, якія тады кіравалі і праводзілі гэтыя рэформы, прызналі гэта памылкай.

Сённяшнія еўрапейскія дзяржавы — гэта, безумоўна, капіталізм, толькі з моцнымі сацыяльнымі гарантыямі (якія, дарэчы, усё менш вытрымліваюць сутыкненне з рэальнасцю).

Пры гэтым я лічу, што ідэі рэальнага сацыялізму сапраўды вечныя. Ідэя роўнасці вынікаў — незалежна ад працы, таленту і намаганняў — заўсёды будзе папулярнай. Ідэя зайздрасці да больш удалых, паспяховых — заўсёды будзе папулярнай. Ідэя «ўзяць усё і падзяліць» — заўсёды будзе папулярнай.

Але праблемка ў тым, што нават калі ўсім даць безумоўны даход (грошы ні за што) — то атрымальнікі не будуць гэтым задаволеныя. Яны будуць абурацца, чаму ім далі толькі 2 тысячы еўра ў месяц (проста так, без умоваў), а іншыя маюць мільёны. Бо людзі, якія маюць грошы ні за што, і нічога не робяць — дэградуюць і разбэшчваюцца. Незалежна ад таго, ці гэта беднякі, ці гэта арыстакраты.

Я не выключаю, што ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі якая-небудзь развітая краіна (магчыма, нават і ЗША) могуць праваліцца ў самы сапраўдны сацыялізм, кубінскага і венесуэльскага разліву. Бо сацыялізм — гэта мара сярэдняга чалавека. Людзей, якія выбіраюць роўнасць замест свабоды, стабільнасць замест развіцця, калектыўнае замест індывідуальнага, — такіх заўсёды шмат.

Я проста не падазраваў, што і Бабарыка з'яўляецца прыхільнікам гэтай «слушнай ідэі».

Чытайце таксама:

Бабарыка пра сябе ў 2020-м: Гэта не наіўнасць. Не думаю, што такога крыважэрнага сцэнара нехта чакаў

Віктар Бабарыка: «Калі ў мяне спытаюць: «Цябе катавалі?», я скажу: «Я не ведаю»

Бабарыка расказаў, што будзе рабіць далей

Бабарыка запосціў змагарскую гарэлку з «Пагоняй» і бел-чырвона-белай стужкай

Каментары да артыкула