БЕЛ Ł РУС

Бухгалтарку з Мінска асудзілі па справе Гаюна

27.02.2026 / 19:32

Nashaniva.com

Віталіна Міхаленя шмат гадоў працавала галоўнай бухгалтаркай, вяла ўласны бізнэс і кансультавала па падатках. У яе ёсць непаўналетні сын.

Віталіна Міхаленя. Фота з яе старонкі Укантакце

Віталіне Міхалені 43 гады. Яна родам з Узды. Жанчына вучылася ў Маладзечанскім гандлёва-эканамічным каледжы, а ў 2006 атрымала дыплом эканаміста ў Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі ў Гомелі. У жанчыны ёсць непаўналетні сын.​

Віталіна ўсё жыццё займаецца фінансамі. З 2008 года яна працавала галоўнай бухгалтаркай у розных фірмах — ад прадзюсарскага цэнтра «Спамаш» да кампаній, якія займаюцца будаўніцтвам і гандлем. У 2013‑м Віталіна зарэгістравала ІП і стала кансультанткай па падаткаабкладанні. У апошнія гады яна працуе яшчэ і рэкрутаркай.

Віталіна цікавіцца вінтажнымі рэчамі і шклом. Піша ў сацсетках пра юрыдычныя пытанні і паляпшае прафесійны ўзровень.

Віталіну судзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса Беларусі — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Ёй прысудзілі хатнюю хімію. Дакладны прысуд невядомы, а пераслед жанчыны звязаны са справай Гаюна.

«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які быў створаны ў 2022 годзе, калі Расія праз Беларусь напала на Украіну. Праект адсочваў ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў, абапіраючыся на інфармацыю ад беларусаў. Каардынавала яго дзейнасць група актывістаў на чале з Антонам Матолькам.

Справа Гаюна пачалася пасля таго, як сілавікі затрымалі актывістку, якая некалькі гадоў жыла ў Беларусі ў падполлі. У яе мабільніку знайшлі спасылку на далучэнне ў бот Гаюна, якую ёй дасылалі ў самым пачатку існавання праекта. Фатальная памылка палягала ў тым, што спасылка была бестэрміновай. А таму сілавікі змаглі падключыцца да бота і выпампаваць адтуль усю інфармацыю. Яны атрымалі паведамленні акаўнтаў, якія пісалі ў бот, а таксама іхнія ID і імёны карыстальнікаў.

Саму ж дзяўчыну затрымалі праз тое, што яна была вымушаная звярнуцца ў дзяржаўныя структуры, да медыкаў. У яе хлопца, які хаваўся разам з ёй, пачаліся моцныя праблемы са здароўем на фоне арышту яго бацькі.

Заснавальнік Гаюна Антон Матолька адразу пасля ўзлому патлумачыў, як адбыўся выцек інфармацыі і абвесціў пра закрыццё праекта. 

Чытайце таксама:

Пасля вяртання з Польшчы арыштавалі сузаснавальніцу стартапа GlobalTips. Ёй далі тры гады калоніі за дапамогу палітвязням

Эканамістку з «Армтэка», якая перайшла ў IT і дапамагала бяздомным жывёлам, асудзілі па справе Гаюна

Менеджара буйной IT-кампаніі асудзілі па абвінавачанні ва ўдзеле ў пратэстах і «садзейнічанні экстрэмізму»

Каментары да артыкула